Гурло Алесь Кандратавіч (31.1.1892, Капыль, цяпер Мінская вобл. — 4.2.1938, Менск). Паэт, празаік, перакладчык. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Закончыў Капыльскую чатырохкласную вучэльню (1908). Працаваў чорнарабочым на лесапільні, зарабляў падзённай работай. У 1909 г. уступіў у шэрагі Капыльскай арганізацыі РСДРП. Пасля працаваў на заводзе “Вулкан” у Пецярбургу. З 1913 г. служыў на Балтыйскім флоце — спачатку матросам на крэйсеры “Богатырь”, а ў Першую сусветную вайну — унтэр-афіцэрам на мінаносцы “Забияка”. Быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый і грамадзянскай вайны. З атрадам рэвалюцыйных матросаў браў удзел у штурме Зімняга палаца, у падаўленні эсэраўскага мяцяжу ў Яраслаўлі, у барацьбе з калчакаўцамі. У 1921 г. вярнуўся на Беларусь. Працаваў у Інбелкульце, у Інстытуце мовы Беларускай Акадэміі навук. Быў сябрам літаратурных аб’яднанняў “Маладняк”, “Полымя”, “Пробліск”. У 1930 г. рэпрэсаваны. Высланы на 5 гадоў у Самару, пасля вярнуўся ў Менск. Сябра СП СССР з 1934 г.
Пахаваны на Вайсковых могілках Мінска.
Першы верш надрукаваў у 1907 г. у газеце “Наша Ніва”. Аўтар зборнікаў паэзіі “Барвёнак” (Менск, 1924), “Спатканні” (Менск, 1925), “Сузор’і” (Менск, 1926), “Зорнасць” (Менск, 1927), “Межы” (выбраная лірыка; Мінск, 1929), “Вершы” (Мінск, 1953), “Вершы” (Мінск, 1972), кніжкі вершаў для дзяцей “Нашы птушкі” (Мінск, 1947; па-польску: Мінск, 1978). Выдадзеныя “Выбраныя творы” (Мінск, 1950). У 1912 г. напісаў сямейна-бытавую драму “Любоў усё змагае”. Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх пісьменнікаў А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, У. Стаўскага і інш.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 55: Збор дакументаў дзеячаў літаратуры), аддзеле рукапісаў Цэнтральнай бібліятэкі Акадэміі навук Літвы (фонд 21: Віленскі беларускі фонд).