Грамыка Міхайла Аляксандравіч (12.11.1885, в. Чорнае, цяпер Рэчыцкі р-н Гомельскай вобл. — 30.6.1969, г. Хімкі, Маскоўская вобл., Расія). Празаік, паэт, навукоўца. Сябра СП з 1965 г.
Падчас вучобы ў Магілёўскай гімназіі стаў сябрам рэвалюцыйнага гуртка. У 1911 г. закончыў Маскоўскі ўнівэрсітэт. Настаўнічаў у Адэсе, з 1917 г. удзельнічаў у працы культурна-асветніцкай арганізацыі беларускіх уцекачоў “Беларускі гай”. З 1921 г. у Менску; выкладаў геалогію і мінералогію ў Белпедтэхнікуме і БДУ; працаваў у Інбелкульце, БелАН. Распрацоўваў беларускую навуковую тэрміналогію. Браў удзел у пошуках нафты на Палессі. Арыштаваны ДПУ БССР 13 ліпеня 1930 г. па справе “Саюза вызвалення Беларусі”; паводле пастановы Калегіі ДПУ БССР ад 10 красавіка 1931 г. высланы ў Іванава-Вазьнясенск на 5 гадоў. Пасля сканчэння тэрміну высылкі ў 1936 г. выехаў з сям’ёй у Мурманскую вобласць (Кіраўск, Чусаў Гарадок (1941—1945)). У 1945—1948 гг. жыў у Іжэўску, працаваў у Запалярным горным тэхнікуме. Потым жыў у Пермскай вобласьці і Удмурціі. Апошнія гады жыў у Хімках. Сябра СП БССР з 1965 г.
Пахаваны у г. Хімкі, Маскоўская вобласць, РФ (?).
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1907 г. Аўтар кніг паэзіі “Дзве паэмы” (Менск, 1927), “Плынь” (Менск, 1927), драм “Над Неманам” (Менск, 1926), “Каля тэрасы” (Менск, 1927), падручнікаў па геаграфіі і мінералогіі “Пачатковая геаграфія” (Менск, 1923), “Уводзіны ў навуку аб неарганічнай прыродзе” (Менск, 1926). Выдадзеныя зборнікі “Выбранае” (Мінск, 1967), “Родная пушча” (паэзія, ўспаміны і лісты; Мінск, 1987).