Голуб-Бучынская Марыя

Голуб-Бучынская Марыя (псеўд. Niawieryskaja, Hałubka; 1893?, вёска Няверышкі (Невярышкі), цяпер Віленскі р-н, Літва — 1.9.1939, Прага, Чэхаславакія). Паэтка, празаік, перакладчыца. 

У 1913 г. жыла і настаўнічала ў Варшаве, дзе пазнаёмілася з Зоськай Верас. У 1914 г. разам з маці, сястрой і братам пераехала ў Петраград. Была актыўнай удзельніцай Беларускага навукова-літаратурнага гуртка студэнтаў Санкт-Пецярбурскага ўнівэрсытэту. Працавала ў польскай школе. З 1920-ых гг. жыла ў Празе, дзе навучалася на доктарку. У 1925 г. выйшла замуж, змяніла прозвішча на падвойнае: Голуб-Бучынская. Як лекарка займалася пытаннямі санітарыі і гігіены, лячэннем і прафілактыкай сухотаў. Працавала ў санаторы Альбертынум (Жамбэрк, Чэхаславаччына). Скончыла жыццё самагубствам, перажываючы пачатак Другой сусветнай вайны. 

Пахаваная ў Празе, Чэхія. Дакладная дата смерці і месца пахавання невядомыя.

У 1926—1927 гг. была актыўнай аўтаркай дзіцячага дадатку “Зорка” ў віленскай газеце “Biełaruskaja Krynica”, выступала з вершамі, апавяданнямі і перакладамі з чэшскай, украінскай і сербскай моваў. Для дарослых пісала артыкулы і брашуры на тэму здароўя, гігіены, таксама фізічнага выхавання, перакладала мастацкія творы, якія друкавала ў выданнях “Жаноцкая справа”, “Шлях моладзі” і “Biełaruskaja Krynica”. Аўтарка кнігі вершаў і апавяданняў для дзяцей “Садок для нашых дзетак” (у суаўтарстве з З. Верас; Вільня 1927), кніг па медыцыне “Алькаголь і барацьба з ім” (Вільня, 1926), “Што такое сухоты (тубэркулёза) і як з імі змагацца?” (Вільня, 1932).