Каардынатарка Інстытута беларускай кнігі Ліля Ільюшына расказвае пра новую ініцыятыву праекта — пастаянныя афлайн-семінары, прысвечаныя беларускай кніжнай сферы, першы з якіх пройдзе 17 верасня ў Варшаве.
Першы семінар ІБК мае назву “Беларуская кніга: што гэта такое і як мы яе ўспрымаем” (частка 1). Сустрэча пройдзе ў афлайн-фармаце і распачне серыю адпаведных семінараў у Варшаве і Вільні, падчас якіх будуць абмяркоўвацца праблемныя пытанні, датычныя сучаснай беларускай кнігі.
Семінары будуць адбывацца з верасня па снежань. Сярод найбліжэйшых тэмаў — беларуская кніга, роля аўтара, аўтарства ў эпоху перакладу і АІ, профіль сучаснага чытача і інш. Падрабязней праграму мерапрыемстваў можна паглядзець у тэлеграм-канале ІБК.

— Ліля, распавядзі, калі ласка, што стала нагодай для стварэння серыі падобных семінараў?
— Як часта бывае — ідэя абсалютна не новая. Падчас мерапрыемстваў Інстытута беларускай кнігі, і мы — арганізатары, і ўдзельнікі, сталі разумець, што патрэбна нейкае месца, дзе можна было б збірацца і абмяркоўваць пытанні, датычныя нашай сферы, весці інтэлектуальныя размовы. Прычым абмяркоўваць і прафесійна-экспертным, і шырокім колам адмыслоўцаў.
Думкі “трэба сустрэцца і паразмаўляць” з’яўляліся амаль пасля кожнай размовы з людзьмі са сферы ці агулам з інтэлектуальнай сферы, толькі не было зразумела, як іх можна паяднаць у межах адной сустрэчы.
Да таго ж здавалася, што ёсць шэраг імпрэзаў, якія закрываюць гэтыя задачы — кшталту фестываля інтэлектуальнай кнігі “Pradmova”, літаратурных прэмій, інтэлектуальных семінараў ці даследчых мерапрыемстваў. І яшчэ мы ніяк не маглі зразумець фармат, ці мусіць быць праграма, на чым канцэтравацца і г.д. Так пакуль яны і заставаліся толькі ідэямі, але запыт быў ужо даўно.
І вось падчас арганізацыйных семінараў Інстытута я пабачыла, як важна, калі людзі збіраюцца ў адным месцы і абмяркоўваюць свае прафесійныя пытанні, бо так у асноўным мы камунікуем анлайн, і гэта таксама складана. А тут, прынамсі, хаця б нейкая частка сабралася ў адным месцы, адчувалася сінэргія. Так я зарзумела, што сапраўды штосьці нараджаецца.
Другі момант — на ўнутраныя семінары Інстытута мы запрашалі людзей, якія шмат робяць у кніжнай сферы, але не з’яўляюцца часткай нашай каманды. І я пабачыла, што праблемамі кніжнай сферы заклапочаная вялікая колькасць людзей, часам цікавей і карысней абмяркоўваць больш шырокі кантэкст, чым толькі тое, што датычыцца працы непасрэдна Інстытута.

Пашыралася кола ідэяў, колькасць нетрывіяльных поглядаў на сферу, і, мне здаецца, гэта стала для мяне моцным драйверам. Я вельмі ўдзячная тым людзям, якія прыходзілі на гэтыя семінары, былі гатовыя ахвяраваць сваім часам для сферы — гэта каштоўна, і гэта сапраўды вельмі моцны рэсурс. Значыць, ёсць сапраўды ў такіх мерапрыемствах патэнцыял.
Так ува мне саспела тая вера, заставалася знайсці форму. Яшчэ з Менску я памятала, што калі запускаліся філасофскія семінары — гэта быў вельмі добры фармат, які дазваляў трымаць і рамку, і канцэнтрацыю, бо, вядома, вялікая колькасць праблемаў не вырашаецца злёту ці праз адно мерапрыемства. Трэба спачатку сінхранізавацца, розныя пытанні патрабуюць розных падыходаў і рэфлексіі. Таксама гарантавана, што на адну сустрэчу ўсе не патрапяць, а хацелася б, каб у людзей была магчымасць далучацца на розныя моманты ў розныя дні.
— Раскажы крыху падрабязней пра фармат семінараў? Ці будуць яны публічныя?
— Семінары будуць адкрытыя. Мы запрашаем розных людзей, і для мяне яшчэ важна, каб гэта не было занадта афіцыйным мерапрыемствам. Я спадзяюся на жывую, шчырую размову. Таму, дарэчы, мы адразу падрыхтавалі праграму на цэлы семестр, бо адмыслоўцам важна разумець кантэкст, базавыя тэмы сустрэчаў. Сама праграма паказвае амабіцыю, бо людзі хочуць ведаць, ці варта ўкладацца, і таму даваць болей інфармацыі для гэтага рашэння — гэта нармальна і паважліва да людзей. Мы, вядома, маем праграму і на другое паўгодзе, абавязкова дамо рэліз, як прыйдзе час.
Таксама хацелася б для мяне трымаць часавую рамку — дзве гадзіны. Я думаю, гэта будзе хораша, калі вось мы роўна а 18:00 пачынаем, а 20:00 сканчваем, гэта яшчэ і пэўны штуршок, і дысцыпліна мыслення.
— Які пытанні будуць абмяркоўвацца падчас семінараў?
— Чым ёсць кніга наогул? Чым адметная беларуская кніга? Якую кнігу ўвогуле лічыць беларускай? Апошняе пытанне ўвогуле зараз вельмі цікавае, бо раней мы абмяркоўвалі датычнасць расейскамоўных кніг, але зараз жа абсалютна ясна, што ў нас будзе і польская мова, і літоўская, ангельская нікуды не падзелася. І адсюль узнікае нашмат шырэйшае пытанне — у межах якой традыцыі мы сябе бачым, як мы наогул цяпер успрымаем моўныя пытанні? Кніга зараз — гэта электронка ці аўдыё, тэкст ці артэфакт? Важна закрануць пытанні прамоцыі беларускай кнігі, і, абавязкова, пытанне, пра якое мы забываемся, а яно павінна ледзь не першым быць — гэта пытанне пра чытача. Вельмі цікава і важна разабрацца ў гэтым, як мы бачым гэтага чытача, ці ёсць у каго з выдаўцоў яго сацыялагічны партрэт, як ен змяніўся з 2020-га году.
Сучаснасць падкідвае таксама і іншыя пытанні. Напрыклад, штучны інтэлект. Я па конкурсе “Шуфлядка” ведаю, што ChatGPT моцна падвысіў узровень аўтараў. І тут сапраўды праблема — хто такі аўтар, што такое аўтарства. Калі мы гаворым пра кнігу, усе роўна выходзім на гэта пытанне. Ёсць яшчэ мастакі. Увогуле, ва ўсім цывілізаваным свеце за кнігай стаіць цэлая індустрыя, вялікая колькасць стваральнікаў. Далей ідзе прамоцыя. Карацей, пытанняў, якія хочацца абмяркоўваць з калегамі, вельмі многа.
Таму і з’явілася ідэя, каб гэта былі менавіта працяглыя семінары, не серыя дакладаў. У мяне асабіста няма адказаў на гэтыя пытанні, альбо звышідэі, якую я гатовая даводзіць, мне сапраўды вельмі цікава паслухаць людзей. Я даволі даўно не ўдзельнічала ў нармальных сталых дыскусіях, а трэба вяртаць саму культуру абмеркавання. І трэба пачынаць ужо зараз, бо чым раней мы пачнем разважаць, тым лягчэй нам будзе пасля.
— Ці можаш ты назваць колькі прозвішчаў экспертаў, якія будуць браць удзел у семінарах?
— Вядома, ёсць людзі з адмыслоўцаў сферы, каторым я дашлю запрашэнні, але гэта не закрыты клуб, далучыцца можа хто заўгодна. Я не ведаю ўсіх адмыслоўцаў, і, калі рабіць толькі па запрашэннях, я рызыкую прапусціць вялікую колькасць людзей, якія могуць быць суперкарыснымі для сферы. Таму менавіта экспертаў я не магу назваць.
Увогуле, для мяне гэта таксама выклік і эксперымент. Магчыма, мы яшчэ абмяркуем фармат напачатку, можа дзесьці і праўда будзем запрашаць нейкіх спецыяльных экспертаў. Але пакуль будзем працаваць у рэжыме анансаванага семінара і вучыцца слухаць. Таму што з улікам саміх тэмаў — тыя людзі, якія прыйдуць — яны ўжо эксперты ў пэўных сферах. За арганізацыю буду адказваць менавіта я, але гэта не пра нейкую маю праўду жыцця, якую я збіраюся ўсім данесці, хутчэй пра адказнасць, каторую я гатовая на сябе браць.
— Чаму для правядзення семінараў выбралі менавіта Варшаву і Вільню? Ці могуць у перспектыве яны быць праведзены ў іншых гарадах?
— У Вільні я прынамсі ведаю 5-7 чалавек, у якіх я вельмі зацікаўленая, і якіх вельмі паважаю за прафесійныя якасці, якіх мне б вельмі хацелася паслухаць, таму было б несправядліва і неправільна абмежавацца толькі Варшавай. Паколькі ў нас няма аніякіх магчымасцяў кампенсаваць людзям лагістку і запрашаць кагосьці на семінар, было прынята рашэне сустракацца 2 разы ў Варшаве, 1 ў Вільні. Так, гэта дадае арганізацыйных і лагістычных пытанняў, але мне гэты выклік цікавы, я хачу паспрабаваць.
Што тычыцца іншых гарадоў — патэнцыйна так, тут галоўнае разумець, што тут сапраўды ёсць людзі, якім гэта цікава. Калі будзе такі запыт, як найменей яго можна будзе абмеркаваць. У адной толькі Польшчы ёсць некалькі лакацый, дзе можна смела праводзіць такія семінары. Напрыклад, Кракаў, дзе ёсць і “Кніжны вырай” і выдавецтва “Гутэнберг”. Вядома, можна і іншыя гарады разглядаць.
— Ці будуць весціся відэазапісы сустрэчаў, каб можна было паслухаць, якія пытанні абмяркоўваліся падчас семінараў?
— Ад пачатку я планавала толькі афлайн-фармат — сустракаемся, абмяркоўваем, разыходзімся. На сенняшні момант нават ядро людзей, якія ўваходзяць у склад Інстытута, знаходзіцца ў розных гарадах і краінах. А калі браць шырэй, то людзі яшчэ болей раскіданыя, і, магчыма, запіс — найлепшы варыянт.
— Інстытут беларускай кнігі — арганізатар семінараў, ці маеце вы партнёраў?
— Так, семінары арганізоўвае менавіта Інстытут, і ён імі апекуецца, таму і расклад у нас. Менавіта на дадзены момант сталых партнёраў, фінансавання, мы не маем. Праект увогуле для мяне нават не валанцёрскі, гэта хутчэй місія. Але мы вельмі адкрытыя да партнёрства, і нават у гэтым раскладзе пазначана, што ў праграме могуць быць змены. Вось на найбліжэйшы семінар нашым партнёрам будзе Беларускі моладзевы хаб у Варшаве. Галоўнае, калі ёсць праграма — ёсць ад чаго адштурхнуцца, а далей мы можам быць гнуткімі і адкрытымі да новага партнёрства, абіраць новыя накірункі.
Даведка: Інстытут беларускай кнігі (ІБК) — ініцыятыва, скіраваная на прамоцыю і рэпрэзентацыю беларускай кнігі, падтрымку беларускага кніжнага асяроддзя ў Беларусі і за яе межамі. Інстытут арыентаваны на прасоўванне, аб’ядноўванне аўтараў, выдаўцоў, чытачоў, кнігараспаўсюднікаў, ілюстратараў, бібліятэкараў і іншых удзельнікаў кніжнага працэсу, а таксама грамадскіх праектаў і арганізацый, якія займаюцца пытаннямі беларускай кнігі. Ініцыятыва была запачаткаваная ў 2023 годзе ў Польшчы. Даведацца падраязней пра Інстытут, а таксама далучыцца да актыўнасцяў ініцыятывы можна праз афіцыйны тэлеграм, інстаграм альбо звярнуўшыся на электронную пошту instbelknig@gmail.com.
Аляксандра Дварэцкая, для bellit.info