Гіль (Гілевіч) Мікола Сымонавіч (15.10.1936, в. Слабада, Лагойскі р-н Мінскай вобл. — 14.3.2022, Мінск). Празаік, публіцыст. Сябра СП з 1975 г.
Брат Ніла Гілевіча. Закончыў аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1959). Працаваў рэдактарам перадач для дзяцей на Мінскай студыі тэлебачання (1960—1961), літсупрацоўнікам, а потым загадчыкам аддзела ў рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва” (1961—1972). Некаторы час загадваў аддзелам у рэдакцыі бюлетэня “Родная прырода” (1972), быў супрацоўнікам аддзела публіцыстыкі часопіса “Маладосць” (1972—1977). З 1977 г. адказны сакратар, з 1982 г. намеснік галоўнага рэдактара, у 1990—1997 гг. галоўны рэдактар штотыднёвіка “Літаратура і мастацтва”. У 2004—2008 гг. галоўны рэдактар часопіса “Мастацтва”. Сябра СП СССР з 1975 г.
Памёр і пахаваны ў Мінску (?).
Як журналіст пачаў актыўна выступаць з 1952 г. Першае апавяданне надрукаваў у 1962 г. (часопіс “Бярозка”). Выдаў кнігі апавяданняў, аповесцей “Ранішнія сны” (Мінск, 1973; па-руску: Москва, 1985), “Таццянін чэрвень” (Мінск, 1978), “Пуд жыта” (Мінск, 1982), “Тэлеграма з Кавалевіч” (Мінск, 1984), “Бралася за дзень” (Мінск, 1993), нарысаў “Пасеянае — узыдзе” (Мінск, 1985), “Камандзіроўка ў Вішанькі” (Мінск, 1987), “Кім і Валерыя” (Мінск, 1988), казку-быль “На лясной вуліцы” (Мінск, 1975), зборнік апавяданняў для дзяцей “Самы галоўны чалавек” (Мінск, 1980) і аповесць у апавяданнях пра лётчыка-касманаўта СССР П.Клімука “Ёсць на зямлі крыніца” (Мінск, 1983), а таксама кнігу вершаў “Неадступнасць” (Мінск, 2016) і біяграфічную кнігу “У времени в плену: страницы жизни Геннадия Карпенко” (Можайск, 2001).
У літаратурнай апрацоўцы М.Гіля выйшлі кнігі ўспамінаў Р.Мачульскага “Страницы бессмертия” (1972) і “Люди высокого долга” (1975), у літаратурным запісе — кніга П.Клімука “Зоры — побач” (Мінск, 1977). Пераклаў на беларускую мову раман літоўскага пісьменніка В.Бубніса “Пад летнім небам” (Мінск, 1982), кнігі прозы вугорскага пісьменніка І.Эркеня “Сям’я Тотаў. Выстаўка ружаў” (з Л.Каўрус, Мінск, 1985) і шведскага пісьменніка П.Лагерквіста “Кат. Карлік” (з Г.Шупенькам, Мінск, 1986).