Гардзялкоўская Тэрэза (псеўд. Зязюля; 1854 — 31.5.1933). Перакладчыца і выдавец.
Нарадзілася ў сярэднезаможнай маянтковай дваранскай каталіцкай сям’і старажытнага роду Грабніцкіх (Дактаровіч-Грабніцкіх). Пасля смерці мужа жыла ў маёнтку Габрылёва-Папоўка ў Сенненскім павеце Магілёўскай губерні (цяпер Талачынскі раён Віцебскай вобласці). Падтрымлівала рух па пашырэнні ўжывання беларускай мовы ў шырокай публічнай прасторы, была мецэнаткай беларускамоўнага друку і перакладчыцай на беларускую мову. Арганізавала у сваім маёнтку ў в. Сані беларускамоўную школу для сялянскіх дзяцей, у якой у 1908 г. працаваў Якуб Колас. У 1921 г. пасля нацыяналізацыі дамоў і маёнткаў Гардзялкоўскіх на Магілёўшчыне і Міншчыне, з сынамі была вымушана пакінуць савецкую Беларусь і прыняць грамадзянства Польшчы.
Пахаваная на могілках Старыя Павонзкі ў Варшаве, Польшча.
Перакладала на беларускую мову і выдавала за свой кошт творы рускіх і польскіх пісьменнікаў: “Дым” Марыі Канапніцкай (Вільня, 1909), “Архіп і Лёнька” Максіма Горкага (Вільня, 1910), “Дзядзька Голад” (Вільня, 1911) і “Разказ Сабалы” (Мінск, 1914) Станіслава Віткевіча, “Як багацеюць чэшскія сяляне” Максіміліяна Маліноўскага (Вільня, 1912), “Што б не здарылася — вытрываю” Станіслава Жаромскага (Мінск, 1914). Фінансава падтрымлівала выданне кнігі “Апавяданні” Якуба Коласа, “Бярозка” Ядвігіна Ш., зборніка-чытанку для дзяцей “Беларускія казкі” у кніжнай серыі “Нашай нівы” (1912).




![Шапран выдаў манаграфію “Быкаў. [Пра] мастацтва”](https://bellit.info/wp-content/uploads/2026/07/746003003_3461470060687041_6784350007652796489_n-90x60.jpg)
