Дудзіцкі Уладзімір (сапр. Гуцька Уладзімір Ермалаевіч, на эміграцыі Гіцкі) (8.1.1911, в. Дудзічы, цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл.— пасля 1976). Паэт, публіцыст.
Вучыўся ў Беларускім педагагічным тэхнікуме ў Менску, потым працаваў стыль-рэдактарам у газеце “Савецкая Беларусь” і перакладчыкам у Навукова-тэхнічным выдавецтве, адначасова вучыўся на літаратурна-лінгвістычным факультэце Вышэйшага педагагічнага інстытута. На пачатку 1930-х падрыхтаваў зборнік паэзіі “Песні і думы”, канфіскаваны падчас арышту ў 1933 г. Паводле прысуду калегіі НКУС СССР, атрымаў тры гады зняволення. Адбываў пакаранне у Новасібірску, Марыінску. Па вызваленні жыў у Ташкенце, працаваў у газеце “Фізкультурнік Узбекістана”. Пасля 1937 г. вярнуўся ў Беларусь, жыў у Віцебску, дзе некаторы час працаваў настаўнікам беларускай мовы. Але ў 1939 г. быў афіцыйна адхілены ад настаўніцкай дзейнасці. У час нямецкай акупацыі працаваў у аддзеле культуры і асветы Менску і Менскай акругі. Супрацоўнік “Беларускай газэты”, школьны інспектар у Барысаве. Уваходзіў у склад БЦР, быў сябрам Беларускага культурнага згуртавання, дзе ўзначальваў аддзел прапаганды, рэдагаваў часопіс “Беларус на варце”. Ад лета 1944 г. — на эміграцыі ў Нямеччыне. У 1949 г. выехаў у Венэсуэлу, дзе заснаваў Згуртаванне беларусаў у Венесуэле. Працаваў у інстытуце сельскай гаспадаркі. У 1956—1962 гг. кіраўнік беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленьне” ў Мюнхене. Быў сябрам Беларускага інстытута навукі і мастацтва. У 1962 г. выехаў у ЗША. Некаторы час жыў у Нью-Ёрку, пазней перабраўся ў Індыяну, дзе ў 1976 г. бясследна знік.
Дата смерці і месца пахавання невядомыя.
У 1994 г. у Нью-Ёрку намаганнямі архівіста Лявона Юрэвіча выйшаў у свет першы збор твораў Уладзіміра Дудзіцкага “Напярэймы жаданьням”. У 2010 г. дзякуючы выдавецтву “Лімарыус” выйшла мінскае выданне “Творы”.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 507).