Дубоўскі Валер Леанідавіч (нар. 4.6.1948, в. Хацькова, Шклоўскі р-н Магілёўскай вобл.). Пісьменнік, журналіст. Уваходзіў у сябры СБП.
Нарадзіўся ў сям’і настаўнікаў. Бацькі пасля выкладчыцкай працы ў Жукнеўскай сярэдняй школе Талачынскага раёна пераехалі жыць у Оршу ў 1959 г. У 1966 г. паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1968—1970 гг. служыў у Савецкай Арміі, пасля працягнуў вучобу завочна на факультэце журналістыкі БДУ, які закончыў у 1976 г. З 1970 г. працаваў у рэдакцыях раённых газет “Дняпроўская праўда” (г. Дуброўна), “Красное знамя” (г. Ашмяны) літаратурным супрацоўнікам, загадчыкам аддзелаў, адказным сакратаром. У 1978 г. прызначаны рэдактарам газеты “Полымя” (г. п. Карэлічы). Пасля вучобы ў 1980—1982 гг. у Мінскай вышэйшай партыйнай школе – загадчык аддзела, намеснік рэдактара абласной газеты “Мінская праўда”. У 1987—1989 гг. інструктар ідэалагічнага аддзела ЦК КПБ. У 1989 г. выбраны на конкурснай аснове дырэктарам выдавецтва “Беларусь”. Адначасова на грамадскіх пачатках з’яўляўся старшынёй савета дырэктараў дзяржаўных выдавецтваў, старшынёй праўлення рэспубліканскага таварыства “Кніга”. З 1993 г. прадпрымальнік, дырэктар камерцыйных прадпрыемстваў, з 1995 г. заснавальнік, кіраўнік, галоўны рэдактар, старшыня сходу акцыянераў выдавецтва і друкарні “Юніпак”. Прафесійна займаецца дызайнам, фатаграфіяй, мае публікацыі, персанальныя выставы. Некаторы час працаваў акампаніятарам у піянерскім лагеры, мастаком-афарміцелем на прадпрыемстве, у доме культуры, мастацкай майстэрні. З 1977 г. быў сябрам Саюза журналістаў СССР.
Першыя паэтычныя спробы зроблены яшчэ ў пачатковай школе. У старэйшых класах некаторыя вершы адзначаліся на радыё — у праграме “Рамантыкі”. Літаратурную творчасць прыпыніў у 1980-я гг. і вярнуўся да яе ў 2003 г. Вершы публікаваліся ў часопісе “Дзеяслоў”, газеце “Новы час”, у карпаратыўным насценным перакідным календары “Лялькі, альбо музыка кахання” (у 2009 г. – пераможца ў Рэспубліканскім конкурсе „Мастацтва кнігі” у сваёй намінацыі) і інш. Аўтар кніг паэзіі “На пачатку маўчання” (Мінск, 2013), “Родавыя аскепкі неба” (Мінск, 2017)