Дубоўка Уладзімір Мікалаевіч (псеўд. Ганна Аршыца; У. Гайдукевіч; У. Гайдуковіч; Ул. Гайдуковіч; Уладзімір Гайдуковіч; Б-сь Дубоўка; Бладысь Дубоўка; Уладзік Павадыр; Тупяец; В. Туянец; 15.7.1900, в. Агароднікі, цяпер Пастаўскі р-н Віцебскай вобл. — 20.3.1976, Масква, Расія). Паэт, перакладчык, публіцыст, празаік. Сябра СП з 1958 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1915 г. сям’я пераехала на пастаяннае месца жыхарства ў Маскву. Закончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю (1918), Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Брусава (1924). У 1922—1925 гг. рэдактар беларускага выдання “Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР”, адначасова адказны сакратар прадстаўніцтва БССР пры Урадзе СССР. У 1924—1927 гг. выкладчык беларускай мовы ў Камуністычным універсітэце народаў Захаду. У 1926—1930 гг. рэдактар “Збору законаў і загадаў Рабоча-Сялянскага ўрада Саюза ССР”. Быў сябрам літаб’яднання “Маладняк”, першым рэдактарам часопіса “Беларускі піянер”. У 1926 г. разам з Адамам Бабарэкам, Кузьмой Чорным, Язэпам Пушчам, Кандратам Крапівой выйшаў з “Маладняка” і стварыў новае літаратурнае згуртаванне “Узвышша”. Браў удзел у Акадэмічнай канферэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі, прапанаваў стварэнне адмысловых літар для перадачы на пісьме гукаў “дж” і “дз”. У 1930 г. арыштаваны АДПУ СССР, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Яранск. У ліпені 1935 г. тэрмін высылкі падоўжаны на 2 гады. У лістападзе 1937 г. асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобласці, Чувашыі, на Далёкім Усходзе на будоўлях у Бірабіджане. Пасля вызвалення ў 1947 г., пазбаўлены права вярнуцца ў Беларусь або ў Маскву, жыў у г. Зугдзідзі (Грузія), працаваў у саўгаснай канторы рахункаводам. Зноў арыштаваны ў 1949 г. у Грузіі. Асобай нарадай МДБ СССР у красавіку 1949 г. асуджаны на 25 гадоў зняволення ў Краснаярскім краі. Пасля рэабілітацыі з 1958 г. жыў у Маскве. Сябра СП БССР з 1958 г.
Пахаваны ў калумбарыі Мікола-Архангельскіх могілак Масквы, Расія. У г. Паставы у гонар пісьменніка ўсталяваная мемарыяльная дошка.
Дэбютаваў у друку ў 1921 г. вершам у газеце “Савецкая Беларусь”. Аўтар зборнікаў вершаў “Строма” (Вільня, 1923), “Трысьцё” (Менск, 1925), “Credo” (Менск, 1926), “Наля” (Масква, 1927), “Палеская рапсодыя” (Мінск, 1961), “Вершы” (Мінск, 1970), паэм “Там, дзе кіпарысы” (Менск, 1925), “І пурпуровых ветразей узвівы” (Вільня, 1939), кніжак вершаваных казак для дзяцей “Цудоўная знаходка” (Мінск, 1960), “Кветкі — сонцавы дзеткі” (Мінск, 1963), “Мілавіца” (Мінск, 1964), “Казкі” (Мінск, 1968), “Залатыя зярняты” (Мінск, 1975), казак “Як сінячок да сонца лётаў” (Мінск, 1961), “Дзівосныя прыгоды” (Мінск, 1963), аповесцей для дзяцей “Жоўтая акацыя” (Мінск, 1967), “Ганна Алелька” (Мінск, 1969), “Як Алік у тайзе заблудзіўся” (Мінск, 1974), кнігі апавяданняў-успамінаў “Пялёсткі” (Мінск, 1973), навуковай працы “Праект літар для гукаў “Дз” і “Дж”” (Менск, 1928). Выступаў з крытычнымі, публіцыстычнымі і навуковымі артыкуламі па пытаннях беларускай мовы, літаратуры, культуры. Выдадзеныя Выбраныя творы (Мінск, 1959), Выбраныя творы ў 2 т. (Мінск, 1965), Збор твораў у 2 т. (Мінск, 2017), зборнік выбраных твораў “О Беларусь, мая шыпшына…” (Мінск, 2002). Перакладчык паэзіі У. Шэспіра (“Санеты”, Мінск, 1964), Дж. Байрана (паэмы “Шыльёнскі вязень”, “Бронзавы век”, містэрыя “Каін” у зборніку “Выбранае”, Мінск, 1963), вершаў В.Брусава, А.Пракоф’ева, П.Тычыны, Ю.Яноніса, С.Шырвані, М.Ардубады, К.Каладзе, Е.Чарэнца, У.Бранеўскага, Ю.Славацкага, У.Сыракомлі, Ду Фу і інш. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Я. Купалы (1962) за кнігу паэзіі “Палеская рапсодыя”.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 27), аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі (фонд 14)