Даніленка Міхась Пятровіч (28.10.1922, в. Ястрабка, Лоеўскі р-н Гомельскай вобл. — 22.2.2019, в. Пустая Града, Лоеўскі р-н Гомельскай вобл.). Празаік. Сябра СП з 1950 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1941 г. закончыў Рэчыцкую педагагічную навучальню і быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнічаў у баях на Паўднёва-Заходнім фронце. У траўні 1942 г. непадалёк ад станцыі Мікалаеўка (Украіна) быў кантужаны і трапіў у палон. У сакавіку 1944 г. уцёк з лагера ваеннапалонных. У жніўні 1945 г. служыў у Савецкай Арміі. Затым працаваў настаўнікам Казярожскай сямігадовай школы Лоеўскага раёна. Закончыў завочна Гомельскі настаўніцкі інстытут (1952). У 1952—1982 гг. супрацоўнік газеты “Гомельская праўда”. З 1983 г. жыў у в. Багатая Града Лоеўскага раёна. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені і медалямі. Сябра СП СССР з 1950 г.
Пахаваны у в. Пустая Града Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці (?).
Дэбютаваў апавяданнем у 1940 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў “Мая песня” (Мінск, 1952), “Майская навальніца” (Мінск, 1959), “Наваселле” (апавяданні і нарысы; Мінск, 1964), “Наш дом” (Мінск, 1971), “Запаветны акіян” (Мінск, 1972), “Маці Мар’я” (Мінск, 1976), “Журлівіца” (Мінск, 1980), “Родная зямля” (Мінск, 1982), “Дзве зоркі” (Мінск, 1993); кніг прозы для дзяцей “Вернасць слову” (Мінск, 1956), “Зачараваны гарлачык” (Мінск, 1961), “На вуліцы Сонечнай” (Мінск, 1963), “Ключы бабулі Зімы” (Мінск, 1986).