Белы Анатоль Яўхімавіч (10.12.1939, Старыя Дарогі, Мінская вобл. — 14.11.2011, Мінск). Грамадска-культурны дзеяч, навуковец, калекцыянер, стваральнік прыватнага мастацкага музея ў горадзе Старыя Дарогі. Сябра СБП ад 1999 г.
Бацька Святланы Белай. Скончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1967). Працаваў вучоным сакратаром музея Вялікай Айчыннай вайны, быў першым дырэктарам музейных комплексаў “Хатынь” і “Курган Славы”. У 1984 г. стаў заставальнікам і старшынёй грамадска-асветніцкага клуба “Спадчына”. У 1985 г. сумесна з сябрамі клуба выступіў ініцыятарам звароту ў ЦК КПБ, Савет Міністраў БССР і Вярхоўны Савет БССР аб ушанаванні 125-х угодкаў паўстання 1863 г. пад кіраўніцтвам К. Каліноўскага. Адзін з прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, што падпісалі ліст у ЦК КПСС аб стане беларускай мовы і культуры ў Беларусі. Адзін з заснавальнікаў таварыства “Бацькаўшчына”. У 1991 г. стаў адным з заснавальнікаў і Ганаровы сябра рэдкалегіі беларуска-амерыканскага часопіса “Полацак” (Кліўленд, ЗША). З 1995 г. выкладаў у БДУ. За ўдзел у палітычных акцыях неаднаразова быў арыштаваны, звольнены з працы выкладчыка БДУ. Сябра Саюза мастакоў Беларусі (1995).
Памёр у Мінску, пахаваны ў Старых Дарогах.
Актыўна ўдзельнічаў у выданні альманахаў «Спадчына “Спадчыны”» (1994), «Скрыжалі “Спадчыны”» (1996, 1998, 2006, 2007), плакатаў-календароў “Радавод полацкіх і вялікіх беларускіх (літоўскіх) князёў”» (1995), “Старажытная Беларусь часоў Вітаўта Вялікага” (1996), “Яго чакала Беларусь чатыры стагоддзі” — зборнік дакументаў і матэрыялаў да 85-годдзя з дня нараджэння М. Ермаловіча (у сааўт. 2007). Таксама падрыхтаваў 5 каталогаў, даведачную літаратуру, звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю.
Арганізатар шэрагу тэматычных выставак: “Кастусь Каліноўскі і студзеньскае паўстанне 1863 года ў Беларусі” (Мінск, 1986, 1990, 1991; Магілёў, 1988, 1991), “Францыск Скарына” (Мінск, Яраслаўль, ЗША, 1985, 1986, 1990, 1991), “Максім Багдановіч” (Мінск, 1996), “Дзеячы беларускага замежжа” (Мінск, 1994, 1996), “Уладары старажытнай Беларусі” (Мінск, 1996), “Любіць Радзіму — шанаваць родную мову” (Мінск, 1990, 1991, 1994, 1996) і інш. Арганізатар і фундатар усталявання помнікаў беларускім пісьменнікам у розных гарадах Беларусі. У 1999 г. адкрыў на сваёй сядзібе ў горадзе Старыя Дарогі прыватны музей выяўленчага мастацтва. Выдаў звыш 150 артыкулаў пра беларускае мастацтва і яго гісторыю.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 390).