Бярозкін Рыгор Саламонавіч (3.7.1918, Магілёў — 1.12.1981, Мінск). Крытык. Сябра СП з 1939 г.
Вучыўся на рабфаку, на літаратурным факультэце Менскага педагагічнага інстытута (1936—1938). У 1938 г. працаваў загадчыкам аддзела крытыкі ў рэдакцыі часопіса “Полымя рэвалюцыі”, у 1938-1939 гг. — літаратурным кансультантам у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР, у 1939—1941 гг. — загадчыкам аддзела крытыкі газеты “Літаратура і мастацтва”. Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны, у красавіку 1941 г., быў рэпрэсаваны. 26 чэрвеня, калі фашысцкія войскі набліжаліся да Мінска, калону зняволеных вывелі з турмы на расстрэл. Р.Бярозкіну выпала застацца жывым. Ён накіраваўся ў Магілеў і ў ваенкамаце падаў заяву ў Чырвоную Армію. Браў удзел у баях пад Сталінградам, на Курскай дузе, пад Кіевам і ў Карпатах, на Сандамірскім плацдарме і ў вызваленні Прагі. Быў паранены. У ліпені 1949 г. рэпрэсаваны другі раз. Зняволенне адбываў у лагерах Казахстана і Сібіры, працуючы на будаўніцтве шахт і электрастанцый. Быў вызвалены ў лістападзе 1955 г., рэабілітаваны ў ліпені 1956 г. У 1956—1967 гг. загадваў аддзелам крытыкі і паэзіі ў часопісе “Неман” (да 1960 “Советская Отчизна”). У 1967—1969 гг. загадчык аддзела літаратуры рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1970—1975 гг. літсупрацоўнік бюлетэня “Помнікі гісторыі і культуры Беларусі”. Члён СП СССР з 1939 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі і медалямі.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Выступаў у друку з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі з 1935 г. Першы зборнік артыкулаў “Паэзія праўды” выдаў у 1958 г. Затым выйшлі кнігі “Аркадий Кулешов: Критико-биографический очерк” (Мjсква, 1960), “Спадарожніца часу: Артыкулы аб паэзіі” (Мінск, 1961), “Свет Купалы: Думкі і назіранні” (Мінск, 1965; дапоўнены і перапрацаваны варыянт — “Мир Купалы”, Москва, 1973), “Пімен Панчанка: Крытыка-біяграфічны нарыс” (Мінск, 1968), “Человек на заре: Рассказ о Максиме Богдановиче — белорусском поэте” (Москва, 1970, у перакладзе на беларускую мову выйшла ў 1981), “Постаці” (Мінск, 1971), “Кніга пра паэзію: Выбранае” (Мінск, 1974), “Звенні: Творчая індывідуальнасць і ўзаемадзеянне літаратур” (Мінск, 1976), “Аркадзь Куляшоў: Нарыс жыцця і творчасці” (Мінск, 1978), “Свет Купалы. Звенні: Выбранае” (Мінск, 1981), “Паэзія — маё жыццё” (Мінск, 1989).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 24).