Бярозка Георгій Сяргеевіч (7.9.1905, Вільня, цяпер Вільнюс, Літва — 2.11.1982, Масква, Расія). Празаік, крытык-узвышэнец. Сябра СП з 1945 г.
Закончыў літаратурнае аддзяленне этналагічнага факультэта Маскоўскага ўніверсітэта (1927). Супрацоўнічаў з часопісам “Узвышша”. Даследаваў тэорыю жанраў, творчасць Якуба Коласа. Працаваў настаўнікам у школе, старшым тэхнічным рэдактарам, мастаком-паліграфістам у выдавецтве “Новая деревня”, рэдактарам, а потым кінарэжысёрам на студыі “Мосфільм”. У час Вялікай Айчыннай вайны быў у народным апалчэнні, супрацоўнік дывізійнай газеты, рэжысёр цэнтральнага ансамбля ВМФ, потым франтавога тэатра. З 1954 г. выкладаў у Літінстытуце.
Пахаваны на Ваганькаўскіх могілках Масквы.
З 1925 г. публікаваў вершы ў перыёдыцы. З 1942 г. пачаў пісаць прозу. Пісаў па-руску. Аўтар кніг “Красная лента” (Москва, 1943), “Ночь полководца” (Москва, 1946), “Мирный город” (Москва, 1952—1954), “Избранные повести и рассказы” (Москва, 1957), “Сильнее атома” (Москва, 1959), “Дом учителя” (Москва, 1973).