Бітэль Пятро Іванавіч (19.6.1912, г.п. Радунь, цяпер Воранаўскі р-н Гродзенскай вобл. — 18.10.1991, в. Вішнева, Валожынскі р-н Мінскай вобл.). Пісьменнік, перакладчык. Сябра СП з 1985 г. У 1931 г. скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні. У 1931—1939 гг. працаваў настаўнікам пачатковых школ у Нясвіжскім і Стаўбцоўскім раёнах. У 1933—1934 гг. служыў у польскай арміі. За перыяд 1935—1939 гг. скончыў завочна Вышэйшыя настаўніцкія курсы ў Вільні (гістарычна-філалагічны аддзел). У 1939 г. удзельнічаў у польска-нямецкай вайне, а пасля аб’яднання Беларусі працаваў у Валожыне настаўнікам і школьным інспектарам. У час нямецкай акупацыі вывезены ў Нямеччыну (1944) і там, пасля вызвалення (1945), прызваны ў Савецкую Армію. У 1946—1947 гг. працаваў настаўнікам Забрэжскай сярэдняй школы Валожынскага раёна. Пасля звальнення з настаўніцкай працы (1947) і немагчымасці ўладкавацца на ніякую дзяржаўную працу стаў праваслаўным святаром. У 1950 г. арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў зняволення. Адбываў тэрмін у Альжарасе Кемераўскай вобласці, у Омску і Джэзказгане. У 1956 г. звольнены датэрмінова са зняццем судзімасці. Да 1963 г. зноў, не маючы магчымасці нідзе ўладкавацца, служыў у царкве. У 1963—1974 гг. выкладаў у Вішнеўскай сярэдняй школе Валожынскага раёна беларускую мову і літаратуру, нямецкую мову і маляванне. Скончыў завочна беларускае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута (1970) і Дзяржаўныя цэнтральныя курсы завочнага навучання “Ин-яз”у Маскве (1970). Рашэннем Вярхоўнага суда БССР ад 28.11.1978 г. па справе арышту і зняволення поўнасцю рэабілітаваны. Сябра СП СССР з 1985 г.
Пахаваны на могілках в. Вішнева, Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
Друкавацца пачаў у 1939 г. (часопіс “Настаўніцкія справы” на польскай мове, Вільня). Аўтар кніг “Замкі і людзі” (Мінск, 1968), “Паэмы” (Мінск, 1984), “Дзве вайны” (Мінск, 1990).
Перакладаў з рускай, украінскай, польскай, нямецкай моў. Пераклаў усе буйныя творы А.Міцкевіча (“Пан Тадэвуш”, “Конрад Валенрод”, “Гражына”, “Крымскія санеты”, “Дзяды”), польскамоўныя паэмы і п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча, раман Ю.І.Крашэўскага “Хата за вёскай” (1989), паасобныя творы Б.Брэхта, І.Р.Бехера, І.В.Гётэ, М.Канапніцкай, М.Лермантава, У.Маякоўскага, Э.Межэлайціса, М.Някрасава, Б.Пруса, А.Пушкіна, Ю.Славацкага, Г.Сянкевіча, А.Твардоўскага, К.Тэтмаера, І.Франка, Т.Шаўчэнкі, Ф.Шылера, С.Ясеніна.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва.