Бачыла Алесь Міхайлавіч (2.3.1918, в. Лешніца, Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. — 4.1.1983, Мінск). Паэт, драматург, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1946 г.
Скончыў Беларускі педагагічны тэхнікум (1934) і выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Каралішчавіцкай і Сінілаўскай школах на Міншчыне. Завочна скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут (1939). Восенню 1939 г. прызваны ў Чырвоную Армію, служыў да 1945 г. Удзельнічаў у паходзе ў Іран, у баях на Крымскім, Паўночна-Каўказскім (Чарнаморская група войск), Варонежскім, 2-м Беларускім і 1-м Прыбалтыйскім франтах. Пасля вайны працаваў у “Настаўніцкай газеце”, потым у газеце “Літаратура і мастацтва” — загадчыкам аддзела, адказным сакратаром (1946-1951), намеснікам галоўнага рэдактара (1952—1957). У 1951—1952 гг. уласны карэспандэнт “Литературной газеты”, рэдактар Дзяржаўнага выдавецтва БССР. У 1957—1972 гг. адказны сакратар часопіса “Полымя”, у 1972—1978 гг. старшы рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Сябра СП СССР з 1946 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Чырвонай Зоркі, “Знак Пашаны”, Дружбы народаў і медалямі. Заслужаны дзеяч культуры Беларускай ССР (1967).
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Першы верш надрукаваў у 1934 г. Выйшлі кніжкі паэзіі “Шляхі” (Мінск, 1947), “Подых вясны” (Мінск, 1950), “Зоры вясеннія” (Мінск, 1954), “Юнацтва” (Мінск, 1959), “Калючая ружа” (Мінск, 1962), “Асенняя аповесць” (Мінск, 1965), “Дарыце цюльпаны” (Мінск, 1966), “Снежная балада” (Мінск, 1968), “Тры багіні” (Мінск, 1973), “Вершы” (Мінск, 1974), “Белы бярэзнік” (Мінск, 1976), “Гараць лісты кляновыя” (Мінск, 1981), “Плечо друга” (Москва, 1982), “Радзіма мая дарагая” (Мінск, 2009), зборнік гумарыстычных вершаў “Кавалер Мікіта” (Мінск, 1967), кніжка вершаў для дзяцей “Мне купілі самакат” (Мінск, 1981). У 1978 г. выйшлі Выбраныя творы ў 2-х, у 1986—1987 гг. — Збор твораў у 3 тамах. Аўтар нарыса пра жыццёвы шлях М.Багдановіча “Дарогамі Максіма” (Мінск, 1971), кнігі “Крыло неспакою” (пошук, роздум, палеміка, успаміны) (Мінск, 1985). Аўтар лібрэта опер і аперэты. Песні на яго вершы ўвайшлі ў зборнік “Я сэрцам з табою” (Мінск, 1988). Перакладаў на беларускую мову творы рускіх, украінскіх і латышскіх пісьменнікаў.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 323).