Фэнтэзі ад Маргарыты Латышкевіч — перадзаказ

Выдавецтва “Тэхналогія” анансавала выхад кнігай фэнтэзійнага рамана Маргарыты Латышкевіч “Век людзей”, які раней друкаваўся ў часопісе “Маладосць”. Перадзамовіць выданне можна са зніжкай праз сайт выдавецтва.

Пад адной вокладкай аўтарства Ірыны Андрэевай сабраныя ўсе чатыры часткі з вугераўскага эпасу, які ўяўляе сабой самабытны сплаў фэнтэзі і беларускай міфалогіі.

Анатацыя:
“У свеце Вугеры спяваюць чароўныя камяні ў прошчах і плятуцца спракаветныя чары. Тут замкі і рыцары, прыўкрасныя князёўны ды старадаўнія легенды, падобныя да сненняў. Але што здарыцца, калі сны стануць кашмарамі, спеў ахоўных камянёў перарвецца, а з цёмных куткоў да чалавечых сялібаў папаўзуць пачвары?.. Донай, прыёмны сын аднаго з уладароў княства, нават падумаць не мог, што апынецца на раздарожжы паміж светам людзей і не-людзей. Ці знойдзе ён у сабе моцы стаць тым, кім хочуць яго бачыць, хто патрэбны людзям? І ці зможа ён нарэшце парушыць заклён і стаць самім сабой?”