Выйшла кніга шаржаў на Якуба Коласа і Янку Купалу

У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла кніга “Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас. З гісторыі сяброўскага шаржу” — навінка ад Сяргея Шапрана пра тое, як жартоўна выяўлялі класікаў беларускай літаратуры.

Распаўсюджанае меркаванне, што купала- і коласазнаўства — найбольш даследаваныя тэмы сучаснай беларускай гуманітарыстыкі і таму адкрыцці тут апрыёры выключаныя, наўрад ці можна назваць слушным. Прыкладам таму хоць бы гэтая кніга, дзе ўпершыню сабраны 44 сяброўскіх шаржы на Янку Купалу і Якуба Коласа.

“Сёння я шчыра ўдзячны ўсім, хто так ці іначай спрыяў гэтаму даследаванню. Найперш гэта шаноўныя Купалаўскі і Коласаўскі музеі і, безумоўна, навуковы і метадычны часопіс «Роднае слова», на старонках якога і адбыліся першыя публікацыі фрагментаў будучай кнігі. Апроч таго, я бязмежна ўдзячны ўсім, хто разам са мной працаваў над гэтым выданнем і хто, што асабліва каштоўна, дапамог ажыццявіць яго — каб не ваша падтрымка, кнігі магло б не быць”, — пракаментаваў у сацсетках выхад кнігі Сяргей Шапран.

Першыя народныя паэты Беларусі неаднойчы рабіліся героямі сяброўскіх кпінаў мастакоў, прычым як вядомых, так і забытых сёння. У іх ліку Б. Антаноўскі, Берк, Л. Бойка, В. і А. Волкавы, Е. Ганкін, Г. Дакальская, К. Елісееў, З. Паўлоўскі, І. Ігін, Я. Кашкель, Д. Красільнікаў, Кукрыніксы, М. Малевіч, С. Раманаў, Г. Розэ, А. Тарасенкаў. Аднак, нягледзячы на больш чым стогадовую гісторыю, гэты арыгінальны жанр ніколі канцэптуальна не даследаваўся, а большасць малюнкаў была, здавалася б, назаўсёды “пахаваная” ў старых часопісах і падшыўках газет.

У кнізе “Янка Купала і Якуб Колас у профіль і анфас. З гісторыі сяброўскага шаржу” даследчыка беларускай літаратуры Сяргея Шапрана ўпершыню разам прадстаўлены ўсе вядомыя на сёння шаржы на песняроў, адна з несумненных вартасцяў якіх у тым, што, зробленыя пераважна пры жыцці класікаў, яны сталі каштоўным сведчаннем мінулай эпохі.

Кнігу можна купіць у Менску ў кнігарні “Акадэмічная кніга”, а таксама замовіць праз сайт Kniger.by ці прыдбаць у ГЦ “Купалаўскі”, ралеты 41— 42 (ст. м. Кастрычніцкая).