Паэтка і перакладчыца Вольга Гапеева ды музыка і паэт Віктар Сямашка апублікавалі летні альбом для дзяцей і дарослых з назвай “Спеўнік багоўкі”. Музычнае вырашэнне атрымалі вершы з анталогіі нерыфмаванае паэзіі для дзяцей “На пухнатых лапках”, якую ўклала і праілюстравала Вольга Гапеева.

У анталогіі знайшлі месца пераклады на беларускую мову твораў шматлікіх аўтараў розных эпох і з розных куткоў
свету ад Скандынавіі да Новай Зеландыі, ад абедзьвюх Амерык да Ірану, Індыі і Японіі. Да прыкладу, тры нумары ў “Спеўніку багоўкі” інспіраваныя паэзіяй Заро Ўайл, былой танцоркі, якая піша па-ангельску ў Францыі ды мае
беларускае паходжанне. Спяваюцца словы нямецкага дадаіста і пачынальніка “гукавое паэзіі” Хʼюга Байля, прадстаўніка “чорнае паэзіі” з Кубы Нікаляса Гільена, загучэла “Аліва” Фэдэрыка Гарсіі Лоркі ды шмат іншых адметных
вершаў.
Усяго ў трэклісце 24 кампазіцыі агульнай працягласьцю 40 хвілін.

“Вольга падала ідэю заняцца гэтым матэрыялам летась падчас фэсту Pradmova ў Варшаве. Спачатку я зусім не ўяўляў, што можа атрымацца. Але паступова ўвайшоў у ролю дзіўнаватага дзіцячага барда з маленькай гітаркай. Далучыў вакальны квартэт з самога сябе таксама. То бок, вырашыў зрабіць усё па-хатняму, аскетычна і лаканічна, але вынаходліва, каб у кожнай песні мелася свая цікавостка, і каб яны звязваліся міжсобку”, — гэтак Віктар Сямашка апісвае працэс.
“Альбом атрымаўся вельмі разнастайным, дзе спалучыліся лірычнае і бунтарскае, гіранічнае і удумлівае. Я вельмі ўдзячная Віктару, які пагадзіўся на гэтую авантуру. Як можна праспяваць хайку або танка, і, увогуле, нерыфмаваныя вершы? Гэта выпрабаванне яшчэ тое! Мне хацелася, каб у дзяцей (і дарослых) была мажлівасць і ў музычным плане мець нешта эксперыментальнае і авангарднае, з элемэнтамі какафоніі ды джазу, што пашырала б іхны музычны гарызонт”, —дзеліцца ўражаннямі Вольга Гапеева адразу па першым праслухоўванні.
Са “Спеўнікам багоўкі” можна пазнаёміцца на платформе Soundcloud.






