Уладзімір Някляеў адзначае народзіны выхадам новай кнігі

Уладзімір Някляеў, якому 9 ліпеня споўнілася 78 гадоў, выпусціў новы зборнік паэзіі “Без Айчыны. Кніга турмы і замежжа”. Каманда Bellit.info віншуе шаноўнага аўтара і зычыць моцнага здароўя і творчай непахіснасці.

Кніга выйшла ў польскім выдавецтве Kollegium Europy Wschodniej (KEW). Навіной Уладзімір Някляеў падзяліўся ў сваім фэйсбуку і апублікаваў некалькі вершаў з новай кнігі.

ЕРУСАЛІМ
1
Як зброю, Слова ўзяў – і кінуў выклік Богу.
“Не Ты мне – вусце. І не Ты – выток”.
Пяском на шкле намаляваў дарогу.
Свой лёс на ёй. А вецер знёс пясок.

Наўпрост за ветрам рушыў. Без дарогі.
Па тым пяску, які пад ногі лёг.
Не сталася над Богам перамогі.
І нават лёс свой ён не перамог.

За крокам крок дакрочыў да пустэчы,
Да прорвы ў ёй, куда сцякаў пясок…

Сіл не знаходзіў на апошні крок.
Цямнела бездань. Ён ступіць не мог.
І нехта ззаду падштурхнуў у плечы.
Ён азірнуўся. Гэта быў не Бог.

2
Яна адна была на месцы тым,
Дзе быць хацела з ім. Ерусалім
Стаяў прад ёй. Яна прад ім стаяла.
«Кахала ты?» – спытаў. Яна сказала:
«Кахала я». – «Чаму ж тады няма
Каханага з табою?» – «Бо турма
Яго забрала і не аддала».

І ўпала з неба Вечная Імгла
На Вечны горад. І за той Імглою
Быў Голас: «Азірніся. Ён з табою.
З табой Імгла. Ты ў смерці не адна».

Але не азірнулася яна.

Загалоўнае фота: facebook.com