Выдавец Раман Цымбераў выдаў кнігу вершаў літоўскага паэта Генрыкаса Радаўскаса (Henrikas Radauskas) у перакладах Лявона Баршчэўскага. Назва кнігі выбранай паэзіі — “Маланкі і вятры”.
Купіць з перасылкай па ўсім свеце можна праз сайт kniger.by, а таксама ў менскай краме:
ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41-42. Магчыма кур’ерская дастаўка па Менску, кошт дастаўкі 10 рублёў. Раз на месяц дастаўка кур’ерам у Варшаву і Вільню.
Генрыкас Радаўскас — літоўскі паэт, перакладчык.
Нарадзіўся ў Кракаве ў 1910 годзе. Дзіцячыя гады ён правёў у невялічкай вёсцы недалёка ад гораду Панявежыс. Скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю ў 1929 годзе, працаваў настаўнікам. У гэты перыяд у друку з’явіліся першыя вершы паэта. З 1930 па 1934 гады вывучаў літоўскую, нямецкую, расійскую філалогію ва Універсітэце імя Вітаўта Вялікага ў Коўне. Зарабляў сабе на жыццё дыктарам на радыё і рэдактарам Міністэрства адукацыі Літвы.
У 1935 годзе Радаўскас апублікаваў свой першы зборнік вершаў. Падчас вайны Радаўскас працаваў сакратаром упраўлення па справах мастацтва, рэдактарам дзяржаўнага выдавецтва ў Каўнасе, а таксама загадчыкам вытворчасці. У 1944 годзе быў вымушаны ўцячы ў Нямеччыну і апынуўся ў акупаваным Саветамі Берліне. Там, у невялічкім пакоі Радаўскас працягваў пісаць. У тыя часы Радаўскас знаходзіўся пад моцным уплывам французскіх імпрэсіяністаў, барокавай музыкі, паэтаў-мадэрністаў Рыльке, Вэрлена, Малармэ, Тувіма, расійскіх сімвалістаў.
Пазней Радаўскас эміграваў у ЗША, дзе працаваў рабочым на мэблевай фабрыцы ў Чыкага. У 1959 годзе Радаўскас уладкаваўся на працу ў Бібліятэку Кангрэсу ЗША, дзе і працаваў сярод кніг, карцін і сяброў да самай смерці ў 1970 годзе.
Паводле меркавання вядомага сучаснага паэта і літаратуразнаўцы Томаса Вянцлавы, Радаўскас можа лічыцца найлепшым паэтам у гісторыі літоўскай літаратуры.
Пры жыцці паэт выдаў чатыры зборнікі вершаў (тры з якіх былі надрукаваны ў Літоўскім эміграцыйным выдавецтве за мяжой). Перакладаў творы Гётэ, Гайнэ, Вэрлена, Цвайга, Мана, Ахматавай на літоўскую мову. Ягоныя вершы перакладзеныя на ангельскую, латышскую, эстонскую, фінскую, польскую, нямецкую, расійску і беларускую мовы.
Апроч Лявона Баршчэўскага паэзію Радаўскаса на беларускую мову перакладалі Ігар Кулікоў і Андрэй Хадановіч. З некаторымі перакладамі апошняга можна пазнаёміцца на сайце Prajdzisvet.org