Славутую гісторыю пра крата пераклалі на беларускую

У выдавецтве Gutenberg Publisher выйшла дзіцячая гумарыстычная кніга пра маленькага крата, які трапіў у недарэчную сітуацыю. Аўтары “Гісторыі пра крата, які хацеў даведацца, хто нарабіў яму на галаву” Вэрнэр Гольцварт і Вольф Эрльбрух, а пераклад на беларускую з нямецкай мовы здзейсніла Жанна Сільвановіч.

Аднойчы ранкам маленькі крот заўважыў, што нехта пакінуў на ягонай галаве кучу. Хто гэта зрабіў?! Каза? Карова? Мо свіння? Крот як сапраўдны дэтэктыў з усёй сур’ёзнасцю падыходзіць да справы, у якой ён аказаўся выпадковай ахвярай, і ўпэўнена ідзе па следу злачынцы, крок за крокам апытваючы не вельмі гаваркіх падазраваных, якія зусім не дапамагаюць разабрацца ў загадкавай гісторыі.

А ці атрымаецца ў крата знайсці злачынцу, можна даведацца, прачытаўшы сусветны супербестсэлер. Кніжка перакладзеная на некалькі дзясяткаў моў, а агульны наклад складае больш за 3 мільёны асобнікаў. А цяпер ёсць беларускае выданне, над адаптацыяй шрыфта для якога працавала Кацярына Першына.

Замовіць кнігу можна праз сайт выдавецтва gutenbergpublisher.eu.

УВАГА! Выдаўцы папярэджваюць, што кніга забароненая ў Рэспубліцы Беларусь