У хуткім часе ў выдавецтве “Папуры” выйдзе дзве новыя кнігі: збор твораў аднаго з самых уплывовых беларускіх паэтаў Алеся Разанава “З маланкаю ў сэрцы” і трылогія класіка беларускай літаратуры Якуба Коласа “На ростанях”.
“З маланкаю ў сэрцы” — так павінен быў называцца том выбранага, які ўклаў сам Алесь Разанаў у 2019 годзе. У зборнік увайшлі вершы, пункціры, квантэмы, паэмы, версэты, вершаказы, зномы, якія выбраў сам паэт для сваёй анталогіі. У кнізе будзе 560 старонак.
Укладанне — Ганна Кісліцына і Галіна Разанава.
““На ростанях” для многіх не мае патрэбы ў прадстаўленні. Гэта адзін з першых беларускіх раманаў. Эпічная трылогія, у якой намалявана шырокая карціна жыцця вясковай інтэлігенцыі і сялянства пачатку XX стагоддзя. Але якая пры гэтым гучыць на дзіва актуальна і цікава для сённяшняга гарадскога жыхара”, — тлумачаць у выдавецтве.
Дызайн вокладак зрабіў Анатоль Лазар.
Таксама надоечы “Папуры” перавыдала дзіцячую кнігу “Сподачак для цмока” Надзеі Ясмінскай з ілюстрацыямі Святланы Міхалап, якая можа стаць добрым падарункам пад калядную елку.