Новае ў серыі “Паэты планеты” — лацінамоўны паэт Ян Секунд

Серыя “Паэты планеты” папоўнілася новай кнігай — зборнікам любоўнай лірыкі лацінамоўнага нідэрландскага паэта Яна Секунда. Перастварыў па-беларуску вершы паліглот і перакладчык Лявон Баршчэўскі.

Выдаў кнігу Раман Цымбераў. Купіць зборнік можна ў Менску ў “Акадэмкнізе”, а таксама ў ГЦ “Купалаўскі” пад Кастрычніцкай плошчай, ралеты 41-42 (станцыі метро Купалаўская і Кастрычніцкая), час працы з панядзелка па пятніцу з 11 да 18.30, субота з 11 да 17, нядзеля з 11 да 16.

Сапраўднае імя і прозвішча паэта, які пісаў пад лацінскім псеўданіма Johannes Secundus было Ян Эверартс (нідэрл. Johann Nico Everaerts, 1511—1536).

Ян Эверэртс быў сынам галандскага адваката Нікалаўса Эверартса, сябра Эразма Ратэрдамскага. Два ягоныя старэйшыя браты, Нікола Грудыус і Адрыян Марыус таксама былі паэтамі. Свой першы верш на лацінскай мове ён напісаў у 10 гадоў. Разам са сваім братам ён вучыўся ў горадзе Бурж, вывучаў права і атрымаў ступень ліцэнцыята ў 1533 годзе. Два гады служыў сакратаром арцыбіскупа Таледа.

Пасля смерці Яна Секунда менавіта браты сабралі і апублікавалі ўсе ягоныя працы. Найбольш вядомы зборнікам “Пацалункі” (Basia, напісаны каля 1535, выдадзены ў 1539) на лацінскай мове, які складаецца з 19 поліметрычных вершаў, створаных пад уплывам паэзіі Катула.

Творчасць паэта паўплывала як на сучаснікаў Секунда, так і на пазнейшых аўтараў.

Ян Секунд — аўтар лістоў, дарожных нататак, трох зборнікаў элегій, эпіграм, одаў, сільваў і іншых вершаў. Прысвячаў творы Томасу Мору, Эразму Ратэрдамскаму, Карлу V і Францыску I.