У вёсцы Нявязцы Слуцкага раёну, па ўсім відаць, была знойдзена магіла паэта, сябра літаратурнага аб’яднання “Маладняк” Апанаса Атавы.
Такой навіной падзялілася ў фэйсбуку гісторык і архівістка Наталля Гардзіенка, спасылаючыся на вынікі палявых росшукаў, якія здзейснілі ейныя сваякі.
Канановіч Апанас Майсеевіч, які карыстаўся творчым псеўданімам Апанас Атава, нарадзіўся 8 (21) траўня 1903 году ўласна ў той самай вёсцы Нявязцы, дзе і быў пахаваны пасля смерці 28 кастрычніка 1962 году.
Скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут. Працаваў настаўнікам у школах Слуцкага, Любанскага, Лунінецкага раёнаў. У 1925 годзе быў дэлегатам першага з’езду літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, а ў яго Слуцкай філіі, якая дзейнічала ў 1925—1927 гадах, лічыўся адным з самых актыўных і здольных літаратараў. Уваходзіў у згуртаванне “Літаратурна-мастацкая камуна”.
Пачаў пісаць вершы з 1922 года. Першая публікацыя адбылася ў слуцкай акруговай газеце “Вясковы будаўнік” у 1925 годзе. Вершы друкаваліся ў зборніку “Слуцкія песняры” (Мінск, 1926), літаратурным альманаху “Уздым”, часопісе “Росквіт” і інш. выданнях. Пісаў таксама фельетоны, вядомы фрагменты аповесці “Цыганскі пасёлак — камуна” (1930).
Імаверна, пасля 30-х гадоў адышоў ад літаратурнай творчасці. Месца пахавання доўгі час было невядомае, хоць ва ўсіх даведніках была ўказаная дакладная дата смерці.