Выдавецтва “Вільма” выдала пераклад на беларускую мову кнігі нямецкага прафесара Віктара Клемперэра “LTI — нататкі філолага” — дзённікаў, якія аўтар вёў падчас панавання нацызму.
Кніга неўзабаве з’явіцца ў продажы на Kniger.by.
Віктар Клемперэр — нямецкі прафесар раманскай філалогіі, выкладчык, даследчык французскай літаратуры 18 ст., журналіст. У 1930-я гады нацысты пазбавілі яго магчымасці чытаць лекцыі, друкавацца, наведваць бібліятэкі. У такіх умовах ён працягваў працаваць, а таксама пачаў весці дзённік.
Ад высылкі ў канцлагер Віктара Клемперэра ўратавала “арыйскае паходжанне” жонкі, піяністкі і мастачкі Евы Шлемер. У 1940 годзе сям’ю прымусілі перасяліцца ў дом-гета, так званы габрэйскі дом. У канцы вайны, калі прывілеі дла “змяшаных шлюбаў” перасталі дзейнічаць, пад пагрозай адпраўкі ў канцлагер сям’я збегла ад пераследу і хавалася ў вёсцы.
Як піша сам Віктар Клемперэр, ягоныя нататкі пра мову Трэцяга райха ратавалі ягоны маральны дух падчас ўсяго перыяду панавання нацызму. Назбіраныя ў дзённіках назіранні і развагі сталі падмуркам для выдання кнігі “LTI — нататкі філолага” ў 1947 годзе.
Пасля вайны Віктар Клемперэр працаваў у ГДР. Пражыў да 1960 году.
У 1995 годзе ў Мюнхенскім універсітэце Віктару Клемперэру пасмяротна ўручылі літаратурную прэмію імя антыфашыстаў Ганса і Сафі Шоль за дзённікі, якія з’яўляюцца важным дакументам пакутаў габрэйскага народа пры нацыскім рэжыме.



“— Татку, — пытае хлопчык у цырку, — а што той чалавек робіць на канаце з жардзінай? — Дуралейка ты, гэта балансір, ён трымаецца за яго. — Ой, татку, а што калі ён той балансір выпусціць? — Дуралейка, ён жа за яго трымаецца! Цягам гэтых гадоў мой дзённік зноў і зноў рабіўся маім балансірам, без якога я б сто разоў сарваўся. У гадзіны брыды і безнадзейнасці, у бясконцым нудоцці механічнай працы на фабрыцы, седзячы каля ложкаў тых, хто хварэе і памірае, стоячы каля магіл, ва ўласнай нядолі, у хвіліны крайняга прыніжэння, з фізічна хворым сэрцам — мяне заўжды выцягвала гэтае патрабаванне да самога сябе: назірай, вывучай, запамінай тое, што адбываецца, — заўтра ўсё будзе іначай, заўтра ты будзеш адчуваць усё іначай; захавай у сабе тое, як яно выяўляе сябе і як яно працуе проста цяпер. І вельмі скора гэты заклік — паставіць сябе па-над абставінамі і зберагчы сваю ўнутраную свабоду — згусціўся да заўсёды дзейснай таемнай формулы: LTI, LTI!”






