Дубавец чытае ўспаміны Геніюш і дзеліцца згадкамі пра асабістыя сустрэчы ў Зэльве — падкаст

У новым выпуску аўтарскага падкасту “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец чытае новае перавыданне ўспамінаў Ларысы Геніюш “Птушкі без гнёздаў” (Камунікат, 2025), згадвае сваё знаёмства з паэткай і нязломнай патрыёткай, а таксама разважае пра ўплыў сустрэчаў з Геніюш у Зэльве на цэлыя пакаленні маладых творцаў і інтэлігенцыю.

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

Калі ў Беларусі будуць узводзіць мэмарыял Маці-Беларусі, прататыпам гераіні будзе, безумоўна, вобраз Ларысы Геніюш, выбітнай паэткі і пакутніцы, якая тварыла цуд ператварэньня землякоў ва ўсьвядомленых беларусаў што ў перадваеннай Заходняй Беларусі, у эміграцыі часоў вайны, у пасьляваенных савецкіх канцлягерах, дзе яе запісачкі зь вершамі называлі “глюкозай” і не зьвярталіся да яе інакш як да маці, а таксама ў паваеннай савецкай рэчаіснасьці, дзе да яе цугам ехалі тыя, хто з удзячнасьцю прымаў яе асьвячэньне ў беларусаў, хто вяртаўся ў сваю несавецкую прыроду і рабіўся самім сабою — пазнавальным па мове і шляхотнасьці беларускім чалавекам, творцам свайго ўласнага жыцьця.

У тыя паездкі да яе ў Зэльву мы заўсёды дзівіліся таму цуду, што адбываецца з намі, а мяне яшчэ зьдзіўляла тое падабенства чалавечых тыпаў спадарыні Ларысы і маёй уласнай маці, хоць яны і мелі розьніцу ва ўзросьце ў пакаленьне, цэлых 17 гадоў, але гэта зусім не адчувалася. Быццам тут сапраўды мела месца пэўная магія, пэўны цуд. Бо мая ўласная маці ў 1990-я гады пачала гаварыць па-беларуску. Мне здаецца гэта пэўным уплывам Геніюш. Нас, вядома, адсочвалі за такія паездкі да яе, лічылі яе саму, якая пасьля страшных паўночных лягераў не ўзяла савецкага грамадзянства, нейкай іншай, няправільнай, якраз яна і была правільнай, прыроднай, ад гэтай зямлі натуральнай. І мы, як бы савецкія людзі “ад Буга да Курыл” былі рабамі сыстэмы, не адметнымі ні мовай сваёй, ні верай.

*** 

Думаю, чаму я не прачытаў гэтыя ўспаміны ў 1990-м годзе, тую першую публікацыю ў часопісе, альбо ў 1993-м, калі яны выйшлі асобнай кнігай? Верачы ў абсалютную чысьціню, праўдзівасьць і бескампраміснасьць аўтаркі, напэўна, я чакаў праўдзівага, значыць, недзяржаўнага, несавецкага выданьня. Нарэшце ў 2025 годзе ўспаміны Геніюш выдаў у Беластоку “Камунікат“, які ў Менску прызнаны экстрэмісцкім, як і ўсё ўласна беларускае.

Калісьці ў пачатку 1980-х Ларыса Геніюш у сваёй зэльвенскай хаце падпісала мне сваю дзіцячую кніжку “Добрай раніцы, Алесь” такімі словамі: “Калі цяжка, але не безнадзейна”. Цяпер я разумею гэта, як дэклярацыю свайго ўласнага лёсу. Яна тады і я цяпер амаль раўналеткі. Ну і нарэшце я разгарнуў яе ўспаміны…

Гэта вельмі цяжкае чытаньне, пакутлівае, параўнаць якое няма з чым. Для кожнага гэта выпрабаваньне на ягоную беларускасьць і ягоную людзкасьць. Гэта зварот да асобы: што ты адкажаш на гэтае мноства пытаньняў, на якія адказала сабе Геніюш. Жанрава я б назваў гэтую кнігу “Правіламі жыцьця Ларысы Геніюш, беларускі і маці”.

Уладзімер Арлоў у прадмове згадвае пра “Бабулю”. Але Ларыса Геніюш не любіла, калі яе так называлі. Увогуле ў жыцьці яе называлі па-рознаму, але найчасьцей — маці. А вось у Зэльве ўжо пачалі да яе езьдзіць зусім маладыя людзі і ахрысьцілі між сабою “Бабуляй”. Проста сказаць, ахрысьцілі для КГБ, бо трэба было неяк кансьпіраваць свае паездкі да яе, якія кантраляваліся і нават караліся. Яна тады напісала верш “Вы ня клічце мяне бабуляю…” Дзе рукапіс таго верша падзеўся, я не згадаю. Магчыма, ён недзе разам з тымі яе вершамі, надрукаванымі на машынцы і прывезенымі з Зэльвы, якія я пазьней перадаў Арыне Вячорцы. Але факт, што Бабуляй мы пастанавілі больш Ларысу Геніюш не называць. Зразумела, калі вырас і яе родны ўнук, які, дарэчы, таксама напісаў прадмову да гэтай кнігі, ён цалкам натуральна называе яе бабуляй.

Істотна, што жанчына такога кшталту асацыюецца ва ўяўленьні з маці або з вогненным полымем, якое гарыць унутры.

***

Мушу сказаць пра нашых “выхавальнікаў” — тых, хто рабіў нас беларусамі, бо цяпер успомніць такіх робіцца ўсё цяжэй. Гэта людзі часоў ваеннае эміграцыі. Як згадваў а. Аляксандар Надсан, між іншым, аднагодак майго бацькі, ён піша: “Весткі аб маёй асобе знайсьці няцяжка, але варта было б ужо пісаць усё. Я належу да пакаленьня тых, што расьлі ў часы вялікага ваеннага закалоту, сярод падзей, значэньня якіх мы часта не маглі зразумець. Думаю, што ўжо пара напісаць гісторыю гэтага пакаленьня, а таксама тых людзей, якія не далі нам загінуць духоўна, стараючыся ўзгадаваць і захаваць у нас пачуцьцё людзкой і нацыянальнай годнасьці. 

Для мяне такімі людзьмі былі выкладчыкі беларускай настаўніцкай сэмінарыі ў Нясьвіжы, дзе я вучыўся ад восені 1942 да канца траўня 1944, і якая мне дала ня толькі грунтоўныя веды, але зрабіла перакананым беларусам на ўсё жыцьцё. Трэба спадзявацца, што Саюз Беларускай Моладзі, да якога я належаў з многімі маімі аднагодкамі, таксама дачакаецца свайго аб’ектыўнага гісторыка“. 

Ужо нас, наступнае пакаленьне ўлада рабіла савецкімі людзьмі, фактычна расейцамі ў такім бутафорскім выглядзе, толькі не беларусамі. Мы й не заўважылі, як ужо пры нашым жыцьці савецкі чалавек ператварыўся ў пустату, і той хто лічыў сябе савецкім, стаў проста расейцам.

***

Такім чынам, людзі, якія выйшлі са страшнай вайны, рабілі нас беларусамі. Згадваю гэта, бо менавіта гэтую іхную місію больш за ўсё баяліся і ўсяляк замазвалі савецкія прапагандысты. І з новай сілай замазваюць сёньня. “Ня слухайце іх, яны фашысты, ні за што не рабіцеся беларусамі! Вы расейцы, маскалі, Расея — ваш народ і ваша гісторыя, ваша мова”. Але ўнутры супраць гэтага ўсё пратэставала. Сама прырода, традыцыі, гісторыя і мова былі зусім іншыя, беларускія.

Адзінай мэты не зракуся
І сэрца мне не задрыжыць,
Як жыць, дык жыць для Беларусі,
А безь яе — зусім ня жыць,
— пісала Ларыса Геніюш.

У новай кнізе яна распавядае, скуль бярэцца тая безумоўная беларуская любоў. Прычым яна такая самая што ў Геніюш, што, напрыклад, у Міхала Анемпадыстава, чалавека наступнага пакаленьня, гарадзкога ды яшчэ і расейца паводле крыві. Але яна зь дзяцінства, ад прыроды, дзе па-беларуску вучаць нас гаварыць самыя гукі прыроды, якія не падманеш і не абдурыш, яна — ад некрывадушнасьці. Геніюш піша:

“А зямля да нас гаварыла. Яна разумела нас, акружала духам мінуласьці ўсяго нашага народу і вялікай любоўю дрэваў, палёў. Ланы жыта хваляваліся проста пад вокнамі і каласы шапацелі ад ветру. Нам было добра на весьнім сонейку, на дажджы й на ветры, весела крочылі мы ў кажушках сваіх зімою, і коні насілі нас у куліку па дарогах, на якія ласкава сьвяціў месяц.

***

Часам доўга ўглядаюся на сьцежкі свае маладосьці — ажываюць успаміны, і здаецца мне: спрацаваныя матчыны рукі туляць мяне ласкава да сэрца, алеяю, ці, як мы казалі, прагонам, шырака крочыць тата, я яму толькі па бараду, і ўгледзеўшы мяне, ён заўсёды ўсьміхаецца пад сваімі крыху рыжымі вусамі, заўсёды падзеліцца думкамі накшталт: «Полацкае княства сяньня зрабілі непапулярным са страху, каб не сэпаравалася па праву ад імпэрыі, але ці ты думаеш, што твая Беларусь утрымаецца эканамічна, калі б была самастойнай?» Тата ведае, чым жыву, і часам хоча мяне паквяліць, як малое дзіця. Крыху спрачаемся, мае ідэі для яго, зь дзядоў ужо нявольнага, як экзотыка. Тата ведае, чым за гэта плаціцца і паглядае на мяне зь нейкай чуласьцю сумнай”

Простыя словы, простыя рэчы, якія, здавалася б, відавочныя, і зусім ня трэба даказваць, што гэта наша беларуская парода, а не фашызм, не варожы вораг, якога трэба чамусьці ненавідзець і зьнішчаць, перарабляць на расейца.

Здаецца, Геніюш піша і не пра Беларусь. Дакладней, пра такую Беларусь, якая мусіла быць сьцёртай з твару зямлі, замененай на іншую, БССР. Дзе ўжо не было такой вялікай любові, а было шмат нянавісьці, і адно зь нянавісьці была напісаная гісторыя. Прычым гісторыю, як і засьцерагаў Геніюш бацька, уключылі ў адно цэлае, у адзін вялікі кашмар з расейскімі бальшавікамі, якія хацелі зусім не таго, чаго звычайна можа хацець чалавек, яны выкрывалі і забівалі ворагаў і шпіёнаў, часам забівалі і іх, і гэта была фантасмагарычная сьвістапляска, дзе найважнейшай рабілася сьмерць. 

Для гэтага мы гадаваліся варожымі да рэлігіі. Чалавек бяз Бога схільны пераацэньваць сябе, у тым ліку і сваю сьмерць.

***

Геніюш піша: “Зямля была для нас усім: калыскай, хлебам, песьняй, любоўю, магілай. Чым больш зямлі, тым болей надзейнае заўтра… Нацыянальная сьведамасьць пранікала паволі, цяжка… Зьмест народнай паэзіі абычаяў быў шмат глыбейшы, цікавейшы, часам несказана чароўны. Як жа вылавіць пэрлы з гэтага акіяну? Я ўбірала ў сябе ўсё гэтае багацьце, і ў гэтай стыхіі было мне найлепей.

Сёлы нашыя былі тады адвечнай стыхіяй беларускасьці…

Трагічна адна я йшла нейк вобмацкам, інтуіцыяй да сваіх праўд, а якія яны — я добра ведала з ідэалаў францускай рэвалюцыі, зь вясны народаў, з канстытуцыі Амэрыкі. Рвала мне сэрца нацыянальная і сацыяльная несправядлівасьць. Родзіцца жа аднолькава малое стварэньне, з усімі правамі на жыцьцё, і чаму жа так розная доля?.. Сумна падышоў раз мой тата да мяне — на пошце ў Воўпе яму парадзілі, каб дачка кінула выпісваць беларускі друк…

Я нарадзілася такой ад пялюшак ужо прасякнутай усім, што наша, з болем і прагай змаганьня за волю і нашую зямлю для нас”.

Расея адбірае важнае і праўдзівае разуменьне, арыентацыю ў сьвеце і ў жыцьці паводле ўсьведамленьня і адрозьненьня свайго і чужога. Што наша, а што чужое? Зь ненадаваньня важнасьці гэтаму адрозьненьню ўзьнікае правал у народнай этыцы. Ёсьць, праўда, розныя людзі, але “паганым чалавекам быць устыдно”, — піша Ларыса Геніюш.  

У Менскай турме яна напісала заяву па-беларуску, яе вярнулі, маўляў “па-чэску” не разумеюць. Як у Менску могуць зблытаць беларускую мову з чэскай? Вельмі проста — яна піша не па-савецку, не па-расейску, што само сабою правакуе неразуменьне, бо само сабою варожае, “не наше”.

Таксама там, у “амэрыканцы” яна думае пра тое, як зрабіць з гэтай турмы музэй. Але ж і сёньня там тая самая “амэрыканка”. І абвінавачаньні тыя самыя, і тыя самыя “зэкі” — нармальныя прыстойныя людзі, а значыць, тая самая нялюдзкая сыстэма. Праз 70 гадоў…

Па сутнасьці гэта кніга пра тое, дзе падзелася тая спрадвечная беларуская любоў. Яна прапала, замененая ў прапагандзе на савецкі патрыятызм, відавочна пусты і ня наш… Геніюш піша:

“Марксізм, клясавая барацьба, усё гэта слабей за рэчаіснасьць і нейк непраўдзіва, штучна і не па-нашаму й далёка ад таго хараства, якое вабіць мяне ў нетрах народу нашага ў яго гісторыі”

Разам зь любоўю зьмянілася на адваротнае і прыстойнасьць людзей:

“Усякая шляхотнасьць у асяродзьдзі бальшавікоў выдаецца «буржуазным предрассудком», як некалі — подласьць”.

“Усё залівала матушка-Русь. Недабітыя бедныя ўласаўцы прагна выслужваліся, як культуртрэгеры на нашых землях, каб толькі іх не пасылалі дамоў, дзе добра іх ведалі… Вось яны й партызаны ня нашага народу стаялі цяпер на стражы й пільна сачылі, каб не прачнулася Беларусь, тая адвечная са сваёй гісторыяй, з Пагоняю любай, з роднаю мовай, з народнаю песьняй і з каханьнем да старога сваяго народу”.

Кажучы пра чыноўнікаў-тыранаў, якія зьмяняюцца над Беларусьсю, Геніюш называе імёны тых, хто сапраўды нашы, каго мы адчуваем сваімі. “Колькі іх ужо перавярнулася, тыранаў на нашай зямлі, і кожны крута загадваў найстрашнейшую нагласьць: любіць сябе! «Собака бьющую руку лижет». О не, не, не, мы нашчадкі Міколы Гусоўскага, мы племя Скарыны, браты Кастуся — мы ўжо вам не сабакі!!!”

Трапнае назіраньне. Тыя, хто нішчыў беларусаў у мінулую вайну, знаходзяць свае роднасныя душы сярод сёньняшніх пракурораў, тады як рэальнымі ворагамі для абодвух тыпаў застаюцца тыя нашы, каго Геніюш назвала ў папярэдняй цытаце — з нэкропаля беларусаў.

***

“Калі нас прывезьлі ў Пісэк, дык сьледавацель адразу на другі дзень прачытаў нам акт абвінавачваньня, на падставе якога саветы зажадалі ад Чэхаславакіі нашай выдачы. Тут я з жудасьцю даведалася, што мы з мужам «ваенныя злачынцы», паводле той «красамоўнай» паперкі, амаль адказныя за ўсе падзеі вайны і яе пачатак! Гэта было нешта так несуразнае, што нельга было не засьмяяцца. Цэлы час выступаючы супраць гітлерызму ўсімі сродкамі, усёй сілай сваяго пяра, я спакойна глядзела на гэту хлусьню, бо што ж на мяне ні чаўплі б — напісанае мною ў суровыя гады заставалася як дакумэнт маяго дзеяньня. Пасьля толькі я зразумела, што падобныя мэтады яны стасуюць пераважна да ідэёвых людзей; да тых, хто дапамагаў немцам нішчыць беларусаў, яны адносіліся куды лагадней! Давяралі ім, ставілі іх дзяржымордамі над намі. Гэта была публіка адпаведная ім па духу й мэтадах зьдзекаваньня над людзьмі…”

То бок — сыстэма не зьмянілася. Прычым, гэта небеларуская, чужая сыстэма, варожая для людзей.

Выглядае, што за часамі цяперашняй беларускай афіцыйнай улады вярнулася найгоршае, што было, “КГБ па ўсёй вэртыкалі”. Цытата:

“Я ня ведала, што ісьці на сьмерць за Радзіму ня страшна, а лёгка, весела, амаль сьвяточна. Што ж, я нашчадак прагнучых волі, шмат з нас лягло памостам для будучых дзён нашай Радзімы, якое ж я маю права баяцца загінуць за справу, за якую палеглі яны?”