2 жніўня 2025 году музей Якуба Коласа запрашае на чарговае падарожжа па Стаўбцоўшчыне. Гэтым разам арганізатары абяцаюць вандроўку з разгадванем таямніц незнаёмых Стоўбцаў і ваколіцаў.
– Дзе стаяў двор заснавальніка Стоўбцаў?
– Куды ў 1906 годзе Янка Маўр ехаў на ровары?
– Які чорт пакінуў “Чортаў камень”?
– Дзе знаходзіцца самы авангардны будынак Стоўбцаў?
– Дзе пахаваныя бацькі Якуба Коласа?
– Дзе Мікалай Крыштаф Сіротка заснаваў касцёл, які стаіць да нашых часоў?
– Што за людзі жылі на Стаўбцоўшчыне ў 19 стагоддзі?
– Ці праўда Высокі Бераг такі высокі?
Маршрут вандроўкі такі: чыгуначны вакзал Стоўбцаў, царква св. Ганны, сінагога, падмуркі касцёла, кінатэатр — Акінчыцы — Задвор’е (сядзіба) — Новы Свержань (царква, касцёл) — Прыстанька — Чортаў камень — Высокі бераг (самастойны адпачынак на Нёмане) — Мікалаеўшчына (школа, помнік, могілкі)
Супрацоўнікі музея нагадваюць не забывацца ўзяць з сабою перакус, бо прадугледжаны прыпынак для адпачынку, дзе можна будзе падсілкавацца і пашпацыраваць уздоўж Нёмана.
Каб арганізатары маглі заказаць патрэбны транспарт, ахвочым трэба забраніраваць месца загадзя, унёсшы папярэднюю аплату ў памеры 80 рублёў.
Ад’езд з Мінску 2 жніўня ў 9.00 ад музея Якуба Коласа.
Загалоўнае фота з матэрыялу пра Коласаўскія мясціны на 34travel.me.