У выдавецтве “Энэргапрэс” выйшла з друку кніга даследчыка Юрыя Барэйшы “Пра скарб з-пад вёскі Літва, паходжанне і вотчыну Браташычаў-Зяновічаў”, у якой апавядаецца пра адзін з найвялікшых скарбаў Усходняй Еўропы, які быў знойдзены непрафесійнымі археолагамі напачатку 1990-х гадоў каля вёскі Літва пад Маладзечнам.
Скарб быў разрабаваны, выратаваць удалося толькі частку — некалькі тысяч пражскіх грошаў, а самае галоўнае — “пояс Вітаўта” (умоўная назва гарнітура XIV або пачатку XV ст.), піша De facto. Беларуская навука. Дзякуючы прафесару Валянціну Рабцэвічу яны з прыватных рук перайшлі ў Нацыянальны гістарычны музей.
Спецыяліст у галіне нумізматыкі ВКЛ Юрый Барэйша ў кнізе “Пра скарб з-пад вёскі Літва, паходжанне і вотчыну Браташычаў-Зяновічаў” рэканструюе склад скарбу, пераглядае выказаныя даследчыкамі версіі яго прыналежнасці (існавала гіпотэза, што “пояс” мог быць падораны Вітаўту крымскім ханам Хаджы-Гірэем) і прапаноўвае новую атрыбуцыю скарбаў у судакрананні з ранняй гісторыяй роду Браташычаў-Зяновічаў.
Кніга багата ілюстраваная.



Кнігу можна набыць у “Акадэмічнай кнізе” ў Менску.






