Выдавецтва “Лысы чэрап” надрукавала кнігі Ігара Саўчанкі і Гані Фак’ю, а таксама анансавала выхад навінкі — зборніка мініятур Сяргея Краўчанкі.
Новая постаць беларускага андэграўнду, Ганя Фак’ю адмаўляецца ад звыклых літаратурных формаў і аддае перавагу вольнай плыні паэзіі. Ейная паэма “Мужыкі” — сапраўдны шэдэўр нонканфармізму, змяшчае канцэнтрацыю нянавісці, якой свет не бачыў з часоў Луі-Фердынанда Селіна, гаворыцца ў анатацыі. Замовіць можна праз ko-fi.com.
У кнігу Ігара Саўчанкі “Докозательство” ўвайшлі тэксты 1999—2024 гадоў, напісаныя ад імя розных даследчыкаў і навукоўцаў, якім прачыняюцца нябачаныя дагэтуль межы свету, грамадства, соцыума і да т.п. Яны выказаныя ў форме гіпотэзаў і навуковага перадбачання, але пры дастатковым узроўні нахабства, дзёрзкасці і ўпэўненасці, могуць перайсці ў іншую катэгорыю — доказаў, што свет уладкаваны менавіта так. Кніга ўключае некалькі дзясяткаў аўтарскіх ілюстрацый і фотаздымкаў, і нам здаецца, што нічога ў гэтым жанры ў беларускай літаратуры не пісалася і не выдавалася. Замовіць гэтую кнігу праз ko-fi.com.
А таксама выдавецтва “Лысы чэрап” пачынае збор на выданне зборніка “замалёвак, нататак, няісных твітаў, варожбаў, азарэнняў, спусташэнняў” Сяргея Краўчанкі, аўтара леташняй кнігі “Забыть в электричке” (выдавецтва “Мяне Няма”).
Перадзамовіць тут: ko-fi.com.