Выдавецтва “Беларусь” у канцы 2025 году выпусціла з друку нон-фікшн кнігу пісьменніцы Людмілы Рублеўскай “Пісьменніцкія вандроўкі”. Навінка ўяўляе сабой зборнік падарожных эсэ і разам з тым можа служыць даведнікам у вандроўках па Беларусі.
“Гатычны млын у Пагосце, дарога, брукаваная трылінкай, сядзіба вупыроў-Валадковічаў, якія спалі ўдзень, а працавалі ноччу, ягіпецкая піраміда на Уздзенскіх могілках і мамант на вяршыні Юравіцкай гары, маўрытанскі стыль палаца Козел-Паклеўскіх у Чырвоным Беразе і каменныя крыжы ў Межава.






Разам з аўтаркай і ейнай сямейнай камандай чытачы адправяцца не толькі да магутных замкаў і прыгожых палацаў, але і да старых сядзібаў і храмаў, ад якіх часам засталіся толькі дзве аб’едзеныя ветрам сцяны, прабяруцца праз калючае кустоўе да падмуркаў, што калісьці належалі велічным будынкам”, — расказваюць пра кнігу ў сацсетках “Акадэмкнігі”, дзе можна купіць навінку. Таксама кнігу можна замовіць анлайн.






У Менску прайшло ўжо дзве прэзентацыі гэтага выдання, адна з якіх — у кінатэатры.

“Ну вось, вандравалі мы, вандравалі па роднай Беларусі, і вынік: выйшлі мае “Пісьменніцкія вандроўкі”! Расповед пра нашы сямейныя падарожжы і пра беларускую гісторыю. Вялікі дзякуй усім, хто далучыўся да з’яўлення такога шыкоўнага выдання! Выдатны дызайн, шмат фота, шмат сюжэтаў. Спадзяюся, пачытаеце, і кудысь захочацца з’ездзіць”, — падзялілася колькі тыдняў таму навіной пра выхад кнігі Людміла Рублеўская.






