Ганна Янкута: “Мы здольныя прарасці і знайсці сабе месца пад сонцам”

У Вільні на фестывалі “Вершы на асфальце” адбылася сустрэча з літаратаркай Ганнай Янкутай. Яна прэзентавала сваю кнігу – “Час пустазелля” і расказала пра тое, як нараджаецца новы твор, як натаваўся дух цяперашняга беларускага бясчасся. Алесь Лесіч занатаваў самае цікавае спецыяльна для Беларускага ПЭНа.

Пра жанр

Я вызначыла для сябе такую формулу: «Час пустазелля» – гэта кніга, якая мае рысы аўта-фікшн, то бок апісання сябе, сваіх эмоцый і пачуццяў, але адначасова тут ёсць і нешта ад фікшн – мастацкага, «выдуманага» твора, і нон-фікшн – немастацкай літаратуры. 

Нон-фікнш тут – перадусім фрагменты, прысвечаныя геалагічнай гісторыі Зямлі. Бо калі я пішу пра наш час, то хачу задаць вельмі сур’ёзную перспектыву. Пачаць жа можна, скажам, з уласнай гісторыі ці гісторыі свайго народу, краіны. Я ўпісала наш цяперашні сюжэт у гісторыю жыцця на Зямлі ад самага яго зараджэння. А часам нават спрабавала сягнуць вытокаў нашага сусвету.

Ганна Янкута на сцэне фестывалю “Вершы на асфальце”

Пра іншасць

Першыя мае кнігі – дзіцячыя, напрыклад, пра ката Шпрота. Таму ў новай кнізе я не магла абысціся без звычнай для сябе казачнасці – аднак гэтая казка ўжо зусім іншая. Так што тут знойдзецца і крыху фантастычнага.

У кнізе шэсць раздзелаў, кожны па-свойму завершаны, хоць ёсць і пэўныя агульныя лініі, якія звязваюць іх у адно цэлае.

У аснову леглі мае дзённікавыя запісы – адсюль аўта-фікшн. Натаваць новую рэчаіснасць я пачала з сакавіка 2022 года, калі праз напад Расіі на Украіну наш свет дарэшты перавярнуўся. Адразу стала відаць, што жыццё ўжо абсалютна іншае. 

Іншасць тую я заўважала ў тагачаснай Варшаве на кожным кроку: у горадзе з’явілася шмат украінскіх уцекачоў… І я запісвала літаральна ўсё, што бачыла вакол. Мне здавалася, што гісторыя, пра якую мы раней ведалі з кніг, раптам увайшла у наша рэальнае жыццё. Іншых людзей і маё.

Я занатоўвала пачутае і пабачанае ў драбніцах, у тым ліку абрыўкі выпадковых размоў, дыялогі падчас валанцёрскіх дзяжурстваў, дзе я дапамагала як перакладчыца.

Паралельная тэма – эміграцыя, яе многія з нас дагэтуль перажываюць як вельмі складаны і пакутлівы працэс. Таму я спрабавала асэнсаваць уласныя пачуцці і шукала сляды, што пакідаюць беларусы ў розных польскіх гарадах.

Напрыклад, беларускія графіці, якія часам трапляліся мне на вочы. Любімае з маёй калекцыі – фраза ў Познані на паштовай скрыні: «Як ты без мяне?»

Мне здаецца, яна вельмі шмат гаворыць пра наш час.

Пра адкрытасць

Я крыху баялася, як кніга будзе ўспрынятая, бо ў ёй сапраўды шмат маіх прыватных перажыванняў, а таксама гісторый іншых людзей, драматычных сітуацый 2022 года.

Досвед такога пісання быў для мяне незвычайны, бо раней я ніколі дзённікаў не вяла. Дзіцячая літаратура ў гэтым плане вельмі зручная – у ёй лёгка схавацца. Ты можаш апавядаць фактычна пра сябе, але ніхто не будзе шукаць цябе ў прывідах, катах ці ў мышах – у героях твайго твора.

фота facebook.com

Падлеткам я, бывала, пісала колькі старонак дзённіка, а потым перачытвала іх, і мне рабілася жудасна, бо тыя словы здаваліся мне чужымі і нічога пра мяне не расказвалі. У выніку я выдзірала толькі-толькі пачатыя старонкі і бязлітасна знішчала іх.

І вось у пачатку сакавіка 2022 года ў мяне ўпершыню ў жыцці з’явілася нешта накшталт дзённіка. Пастаяннае назіранне праз экран камп’ютара ці мабільніка за жахамі вайны, сустрэчы і размовы з людзьмі прымусілі мяне весці запісы, натаваць пабачанае і асэнсаванае, адчутае. Я пісала шмат і ў нейкі момант пабачыла ў хаатычных накідах сюжэт, з якога вымалёўвалася кніга. 

Я не ведала, ці можна нешта такое выдаваць, гэта была пэўная рызыка. Але ў выніку, відаць, зрабіла правільна. Бо цяпер атрымліваю шмат чытацкіх водгукаў і падтрымкі, яе нашмат больш, чым крытыкі і негатыву.

Што да дзённіка, то яго я вяла толькі паўгода – цяпер ужо зноў нічога не запісваю. І працую над новай кнігай, у якой я досыць адстароненая. Разам з тым дзякуючы досведу «Часу пустазелля» я ўжо не баюся ў сваіх тэкстах раскрывацца і гаварыць пра свае пачуцці.

Пра муры

У 2022 годзе я жыла ў варшаўскім раёне Макотаў – ён зусім не турыстычны, але там хапае старых дамоў. Мой дом наогул быў даваенны, ці не з 1936 года. Гэта для польскай сталіцы рэдкасць, бо падчас Другой сусветнай вайны яе моцна зруйнавалі. І большасць гістарычных будынкаў тут адрэстаўраваная. Так што «мой» будынак – досыць незвычайны, і яго жыхары – таксама незвычайныя.

Літаральна за сценкай майго пакоя жыў такі незвычайны сусед. Паколькі сцены ў тым доме вельмі тонкія, я міжволі «падслухоўвала» нешта з яго жыцця і магла толькі здагадвацца, хто ён насамрэч. І пры гэтым ніколі таго суседа не бачыла. Адно толькі сутыкалася з яго слядамі на паверсе. У нашым пад’ездзе ўвогуле пастаянна нешта адбывалася. Напрыклад, з’яўляліся надпісы на сценах, а з пачаткам вайны – аркушы з прароцтвамі, калажамі і да таго падобным, нешта накшталт насценгазеты. Але якое дачыненне да ўсяго гэтага меў мой сусед і чаму ён быў незвычайным, выдаваць не буду – вы даведаецеся пра гэта з кнігі.

Яшчэ той дом адметны тым, што выходзіць вокнамі на сумнавядомую турму на Ракавецкай, дзе за часамі сацыялістычнага блоку ўтрымлівалі палітычных зняволеных. У тых мурах іх катавалі і расстрэльвалі. Цяпер там музей, прысвечаны ахвярам рэпрэсій у паваеннай Польшчы.

Працуючы за сталом, я ўвесь час сузірала тую турму. І мне здавалася, што я бачу не толькі мінулае палякаў, але і нашую будучыню – напрыклад, такім можа быць лёс «Валадаркі».

У пэўным сэнсе гэта прыносіла мне суцяшэнне: калі-небудзь у нашых турмах таксама будуць музеі ў памяць пра цяперашнія страшныя часы.

Пра дзіркі

Дзеянне кнігі апроч Варшавы адбываецца яшчэ ў некалькіх гарадах: два яе раздзелы – пра Мінск і маю родную Гародню. У 2022-м я двойчы з’ездзіла ў Беларусь, апошні раз была там у жніўні таго года. І ў тых паездках я таксама вельмі шмат занатоўвала, спрабуючы зразумець, што за час маёй адсутнасці змянілася.

Я рабіла свае дзённікавыя запісы ў асноўным не на паперы, а ў тэлефоне, адразу на вуліцы ці ў дарозе, каб не забыць нейкія пачутыя словы ці перажытыя эмоцыі. А часам дзеля зручнасці ліхаманкава занатоўвала думкі на любой паперцы пад рукой – скажам, я дагэтуль захоўваю спісаны чэк з крамы. Нават задумвалася над тым, што ў ідэале было б добра змясціць у кнізе здымкі тых самых чэкаў ці абрыўкаў з нататкамі.

У нейкі момант я злавіла сябе на адчуванні, што найлепш мне пісалася ў Беларусі. Відаць, ад жадання зафіксаваць кожную дробязь, бо, вяртаючыся туды, я разумела, што наступны раз можа быць няхутка. І я звяртала ўвагу на ўсё: шыльды крамаў, паўсцёртыя сляды колішніх графіці, нейкія словы сяброў.

Многія важныя рэчы ў выніку ў кнігу не трапілі: каб не нашкодзіць канкрэтным людзям, я звярталася да самацэнзуры. У тэксце гэта адмыслова падкрэсліваецца, бо самацэнзура – надзвычай важная рыса нашага часу. Замоўчванні, пустоты, дзіркі – прыкметы новай беларускай рэальнасці.

Гэта звязанае ў тым ліку з тэмай страху. Паміж дзвюма маімі паездкамі ў Беларусь у 2022 годзе было ўсяго некалькі месяцаў, але я заўважыла, што за гэты час нешта моцна змянілася, зрабілася нашмат страшней. І я паспрабавала таксама апісаць гэтае фізічнае пачуццё, улавіць яго нарастанне.

Дарэчы, калі рэдактарка кнігі Кацярына Маціеўская першы раз яе прачытала, яна сказала, што насамрэч гэтая кніга – пра смерць.

Пра пустазелле і надзею

У мяне часам пытаюць: чаму такая назва – «Час пустазелля»?

У Мінску я жыла ў чатырохпавярховіку, «хрушчоўцы», ля якой мясціўся палісаднік. Неяк я ўзялася садзіць там кветкі і кусты, якія прывозіла ў тым ліку з бацькоўскага лецішча. Урэшце клумба пачала фармавацца, гэта была «мая» прастора. А калі я прыехала пасля доўгай адсутнасці, то зразумела, што яна зарастае пустазеллем.

Атрымліваецца, што цяперашні час – гэта калі мы вымушана пакінулі свае дамы, і ў нашых садах запанавала пустазелле.

І ўсё ж нельга сказаць, што пустазелле асацыюецца ў мяне з нечым негатыўным. Ёсць пэўная група трывушчых раслін, якія імкліва засяляюць апусцелыя мясціны, напрыклад, пажарышчы. Яны добра ўмеюць выжываць у самых неспрыяльных умовах.

Хаця пад маім балконам пустазелле косяць, яно вырастае зноў і зноў. І ўсё адно мая клумба захоўвае мае сляды, пакуль ніхто не перарабіў яе на свой лад. 

І я часам думаю: калі-небудзь я вярнуся і буду далей засаджваць яе кветкамі.

А пакуль мы мусім пражыць свой час пустазелля.

Так што пустазелле – гэта таксама пра нас і пра нашу надзею: як бы неспрыяльна ні складваліся ўмовы, мы здольныя прарасці і знайсці сабе месца пад сонцам.

Загалоўнае фота Барташа Банькі для Інстытута гарадской культуры (Гданьск)