У выдавецтве Рамана Цымберава выйшла кніга пісьменніка і літаратуразнаўцы Алеся Пашкевіча “Цясляр волі. Кніга пра Алеся Гаруна”, прысвечаная жыццю і творчасці класіка нацыянальнай літаратуры, аднаму з першых беларускіх рэвалюцыянераў і адраджэнцаў ХХ стагоддзя Аляксандру Прушынскаму.
У грунтоўным навукова-папулярным выданні, якое багата праілюстраванае фотаматэрыяламі, ўпершыню ўдакладняюцца многія факты жыцця пісьменніка — ад яго месца нараджэння і мясцін маленства да іркуцкай высылкі і гадоў станаўлення беларускай незалежнасці. Чытач зможа прайсці за аўтарам па дакументальна асветленых дарогах творцы і грамадскага дзеяча: мясцінамі яго бацькоў, сцежкамі маленства, даўнімі радаводнымі скрыжаваннямі, ссыльнымі сібірскімі этапамі, а таксама спрычыніцца да спасціжэння крыніц творчасці ды вытокаў грамадска-палітычнай дзейнасці.
На кнігу ўжо адгукнуліся беларускія літаратары.
Усевалад СЦЕБУРАКА:
“…Паступова трапляеш у суплёт знаёмага і незнаёмага, што адкрываецца ў спалучэнні як зусім новае. Тут і тапанімічныя росшукі, і генеалагічныя лініі: перапляценне лёсаў і месцаў — выпадковае ці не? Алесь Гарун і Ганна Цюндзявіцкая, Манюшка і Язэп Пушча… А далей і Янка Купала, і як “лёсіла” з Лёсікам. Удалыя ўключэнні цытатаў і маленькіх “жывых абразкоў”. І тут жа грунтоўны акадэмічны аналіз вершаў, прозы.
Шмат новага і цікавага пра турмы і ссыльна-этапную ды высыльную справу Гаруна — грунтоўна пададзеная частка. Асабіста мне яна ўспрынялася як адна з самых моцных. І чытаецца асобна як нейкі хоць і сумны, але прыгодніцкі аповед. З экзатычнымі для нас рэаліямі”.
Аксана СПРЫНЧАН:
“Найцікавейшая аповесць. Так пра Алеся Гаруна ніхто не пісаў. І не напіша. Незвычайна — нібыта навуковая манаграфія — і ў той самы час аповесць.
Паэт [напісаў] — пра паэта, празашк — аб празаіку, беларус — пра беларуса, навуковец — пра чалавека, чалавек — пра цесляра. Дзякуй шчыры!”
Навінка ёсць у наяўнасці ў “Акадэмкнізе”, “Кніжнай шафе”, на kniger.by і knihi.by