«Простымі словамі пра Алеся Разанава» — з такой назвай у Літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа ў Мінску 5 снежня пройдзе вечар памяці аднаго з выбітных беларускіх паэтаў, якому споўнілася б 76 гадоў.
Вечар адбудзецца ў камерным фармаце — для блізкіх і сяброў. На імпрэзе можна будзе набыць кнігу аўтара «З маланкаю ў сэрцы».
Алесь Разанаў (1947–2021) – беларускі паэт, перакладчык, эсэіст. Аўтар глыбокіх вершаў і вынаходнік новых паэтычных форм, якія паўплывалі на характар развіцця нашай літаратуры, і не толькі літаратуры. Як піша польскі пісьменнік Кшыштаф Чыжэўскі, «не выходзячы з зоны інтымнай духоўнасці, Разанаў змог паўплываць на ход гісторыі і на мысленне многіх, вельмі розных пакаленняў беларусаў». «Таму што паэзія, – тлумачыць пісьменнік, – была яго полем бітвы за свабоду. Ён здолеў адваяваць гэтую свабоду для чалавека слова. Аднак у яго паставе і тварэнні было нешта большае, была моц, якая вызваляла іншых ад путаў няволі, вызваляла мову, натхняла на грамадскую і палітычную ангажаванасць».
Больш пра Алеся Разанава можна дазнацца на нашым сайце.
Месца і час падзеі: Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5). Пачатак сустрэчы а 18.00.