У дзень памяці паэта Алеся Разанава, які сышоў ад нас два гады таму, літаратуразнаўца Анатоль Івашчанка прэзентаваў дзве лекцыі, прысвечаныя аналізу творчасці і разанаўскіх аўтарскіх жанраў.
Разанаў – загадка. Разанаў – разэнкрэйцэр. Разанаў – і камень, і скульптар. Ствараючы новыя формы, ён разбурае існыя нормы і парушае непахісныя догмы. Разанаў – крэпасць, аб якую ламаюцца паэталагічныя дзіды…
Пра Алеся Разанава гаворыцца шмат. Чатыры дзесяцігоддзі ягонае імя не сыходзіць з вуснаў неабыякавых да паэзіі. І яшчэ – невядома колькі – не будзе сыходзіць. Пішацца – меней. Бо як напісаць пра тое, як расце дрэва ці цячэ ручай?.. І заўжды, як пішацца акадэмічна, грунтоўна, “аб’ектыўна”, з дэклараваннем апошняе праўды, адчуваеш: “трэба глыбей”. Як адчуваў дваццаціпяцігадовы паэт, калі абіраў свой Шлях (ці, можа, Шлях абіраў яго), ствараючы паэму “Назаўжды”, дзе развітваўся з сілаба-тонікай. Развітаўся не назаўжды…
Даследнік творчасці Алеся Разанава Анатоль Івашчанка запрашае ў падарожжа па творах паэта – між медытацыяй і рацыяй.
Алесь Разанаў (1947-2021) — паэт, перакладчык, мысляр. Намінант на Нобелеўскую прэмію па літаратуры. Адзін з самых уплывовых паэтаў Беларусі. Нарадзіўся ў в. Сялец на Берасцейшчыне. Вучыўся на філфаку БДУ, пасля хваляванняў 1968 года быў вымушаны давучвацца ў Брэсце. Працаваў у выдавецтве “Мастацкая літаратура”, часопісе “Крыніца”. Друкавацца пачаў яшчэ школьнікам, з першых жа падборак у друку стала зразумела, што ў паэзію прыйшоў сапраўдны талент. Мадэрнісцкая паэзія Разанава канстраставала з савецкай літаратурай, таму многія яго творы зазнавалі цэнзурныя перашкоды, кнігі друкаваліся рэдка. Стварэнне аўтарскіх жанраў версэтаў, вершаказаў, зномаў, пункціраў, квантэмаў не адразу было прынята крытыкай. Здольнасць да моў дала Разанаву магчымасць рэалізавацца як перакладчыку літоўскай, латышскай, грузінскай паэзіі. Найбольш разгорнута як паэт пачаў выказвацца ў час “перабудовы” і свабоды слова 1990-х, калі выйшлі кнігі “Вастрыё стралы”, “У горадзе валадарыць Рагвалод”, “Паляванне ў райскай даліне”, “Рэчаіснасць”, “Танец з вужакамі” і інш. Пахаваны на Паўночных могілках у Мінску.