У чарговым відэа на сваім канале паэт і выкладчык Андрэй Хадановіч расказвае пра сучасную ўкраінскую літаратуру ў беларускіх перакладах. Перадусім гаворка ідзе пра тры выбітныя ўкраінскія кнігі па-беларуску, якія робяцца ў часы вайны важным актам падтрымкі найбліжэйшага суседа.
1. Астап Слівінскі “Слоўнік вайны” (выйшаў у серыі “33 кнігі для іншай Беларусі”)
Аўтар звярнуўся да жанру нон-фікшн. З першых дзён вайны Астап Слівінскі валанцёрыў на львоўскім вакзале. Калі сотні тысяч чалавек хлынулі ад гарачых кропак, шукаючы бяспекі для сябе і сваіх маленькіх дзяцей. Кожны дзень Львоў гудзеў чалавечымі галасамі, якія патрабавалі фіксацыі. Астап стаў гэтыя гісторыі слухаць, і ў адказ на пытанні: “Як вы?”, “Як падарожжа?”, пачыналіся гісторыі, якія пасля валанцёрскай працы Слівінскі спрабаваў дакладна запісаць, задакументаваць. Паэт з бездакорным паэтычным слыхам знайшоў ключ, які нібыта немастацкія тэксты аб’ядноўваў у правільнае шматгалоссе.
2. Марыя Маціёс “Салодкая Даруся” (выйшла ў выдавецтве “Пфляўмбаўм”)
Кніга, якая магла б стаяць на паліцах паміж “Знакам бяды” і “Аблавай” Васіля Быкава і раманам “Па што ідзеш, воўча” Евы Вежнавец, кніга, калі казаць пра ўзрост пісьменнікаў, прамежкавае неабходнае звяно паміж Быкавым і Вежнавец. Усе пералічаныя кнігі пра тое, што нашым радзімам ніколі не давалі спакою агрэсіўныя суседзі, але разам з тым ёсць штосьці трывожнае і ў нас саміх: нас знішчаюць акупанты, але мы дапамагаем ім знішчаць адно аднаго.
3. Зборнік украінскай паэзіі “Пра словы і цішыню між імі” (выйшаў у Швецыі)
Украінская ваенная паэзія, якая толькі пачала пісацца пасля 24 лютага 2022 года і перакладацца на беларускую мову, публікавалася на сайце “Taubin”. Яго рэдактары стварылі рубрыку “Make poetry no war”, дзе салідарныя з Украінай беларускія паэты і паэткі змяшчалі свае перастварэнні. Сёлета вынікам гэтай рубрыкі зрабілася папяровая кніга з назвай “Пра словы і цішыню між імі” – 13 украінскіх паэтаў і паэтак пераствораныя 4 беларускімі перакладчыкамі і перакладчыцамі.