Кнігу Марыі Маціёс “Салодкая Даруся” выпусціла выдавецкая ініцыятыва “Пфляўмбаўм”. Паводле версіі ўкраінскага ПЭН-клубу гэты раман увайшоў у спіс ста найлепшых твораў украінскай літаратуры. З украінскай на беларускую мову пераклаў Алег Віркевіч.
“Салодкая Даруся” – гэта трагічная і па-майстэрску напісаная сямейная сага, падзеі якой адбываюцца ў 1930-70-х гадах на Букавіне на фоне змены ўладаў і дзяржаўных межаў, у драматычныя часы вайны і савецкіх рэпрэсій. Гэта аповед пра жорны гісторыі, якія перамолваюць лёсы двух пакаленняў украінскай сям’і.
Святлана Алексіевіч, якая падтрымлівае выдавецкую ініцыятыву “Пфляўмбаўм” кажа, што Марыя Маціёс адна з ейных любімых аўтарак, а пра твор піша наступнае: “Раман украінскай пісьменніцы Марыі Маціёс называюць трагедыяй, адэкватнай ХХ стагоддзю. Перад намі разгортваюцца старонкі прыватнага жыцця на фоне эпічнай ўкраінскай гісторыі. Гэтую кнігу варта сёння прачытаць кожнаму, каб зразумець, чаму нашае мінулае робіцца нашай будучыняй, і падумаць над тым, як выбрацца з гэтай пасткі”.
Вокладку намалявала мастачка Марыя Сыракваш.
Купіць кнігу можна на сайце анлайн-кнігарні knihauka.com і на Allegro.pl.