Выйшла кніга малой прозы Віктара Шалкевіча

У Таліне выйшаў з друку зборнік малой прозы Віктара Шалкевіча пад назвай “Каштан пры Бэрнардынах”, піша Суполка беларускіх пісьменнікаў. Гэта чацвёртая па ліку кніга вядомага гарадзенскага барда і паэта.

Сам Віктар Шалкевіч з уласцівай яму дасціпнасцю ахарактэрызаваў навінку так: “Гарох з капустаю, торбачка сьмеху, альбо старазапаветныя байкі з Цэнтральнае, Сярэдняе, Заходняе Эўропы, Амэрыкі і іншых старонак сьвету. Словам, з тых месцаў, дзе аўтар калісьці меў магчымасьць паставіць чаравіка”.

У ранейшым даробку аўтар мае кнігі “Requiem па непатрэбных рэчах”, “Мястэчка G і ваколіцы” і “Блюз вясна”.