Беларускі аўтар Саша Філіпенка атрымаў галоўны прыз Прэміі швейцарскага таварыства абароны аўтарскіх правоў ProLitteris. Як расказвае Reform, журы адзначыла здольнасць пісьменніка ў творах “пераплавіць гнятлівыя абставіны ў моцныя метафары, каб зрабіць адчувальнай абсурднасць палітычных і экзістэнцыяльных сітуацый”.
Сёлета ўручэнне штогадовай прэміі за выбітныя дасягненні ў літаратуры і мастацтве пройдзе ў канцы чэрвеня. Журы, у склад якога ўвайшлі французскі пісьменнік і перакладчык Валянтэн Декапэ (Valentin Decoppet), паэтка і пісьменніца Марына Скалава (Marina Skalova) і швейцарскі літаратар Пэтэр Стам (Peter Stamm), далі разгорнутае абгрунтаванне свайму выбару.
“Нягледзячы на малады ўзрост, пісьменнік, які нарадзіўся ў Беларусі і жыве ў эміграцыі ў Базэлі, ужо мае важкі творчы даробак: пяць раманаў, дзве п’есы, шматлікія публікацыі ў газетах. Ягоныя працы былі апублікаваныя швейцарскімі выдавецтвамі Diogenes і Noir sur Blanc і атрымалі міжнароднае прызнанне. Кнігі Сашы Філіпенкі базуюцца на грунтоўным дакументальным даследаванні, матэрыяле, які ён па-наватарску і дасціпна ператварае ў мастацкую літаратуру.
Саша Філіпенка ўмее пераплавіць гнятлівыя абставіны ў моцныя метафары, каб зрабіць адчувальнай абсурднасць палітычных і экзістэнцыяльных сітуацый. Выкарыстоўваючы сатыру і далікатнасць, ён рэканструюе тое інтымнае і банальнае, што прымушае людзей трываць ці заганяе іх у аб’ектыўна невыносныя сітуацыі. Ягоны гумар — выключны; на прыкладзе чалавечых лёсаў пісьменнік набліжае да чытача складаныя гістарычныя кантэксты”, — тлумачыць журы прэміі.
Таксама адзначаецца, што кар’ера Сашы Філіпенкі зазнала сур’ёзныя асабістыя і палітычныя рызыкі, а ён сам — каштоўны сведка, які робіць унёсак у разуменне сучаснай геапалітычнай сітуацыі ў якасці будаўніка мастоў. Журы рада дапамагчы Сашу Філіпенку працягнуць сваю важную працу ў Швейцарыі, атрымаўшы ProLitteris Prize.
Згодна з правіламі прэміі, уладальнік галоўнага прыза (40 000 франкаў), выбірае атрымальніка спонсарскай узнагароды (10 000 франкаў). Саша Філіпенка падтрымаў аўтарку і перакладчыцу p расійскай мовы Мод Мабіяр (Maud Mabillard).
Загалоўнае фота: крыніца