Фонд Kamunikat.org выдаў кнігу “фрэсак” (кароткай прозы) Барыса Пятровіча з назвай “Ад жыцця прачнуцца…”, куды ўвайшлі творы розных гадоў. Прэм’ера новай кнігі пісьменніка адбылася на Міжнародным варшаўскім кніжным кірмашы.
“Фрэскі” Барыса Пятровіча гэта своеасаблівы жанр, калі творы пішуцца не адрываючы рукі і потым не правяцца, як і фрэскі мастацкія, якія ствараюцца ў храме на тынкоўцы – пакуль яна не засохла. Упершыню Барыс Пятровіч выдаў кнігу сваіх фрэскаў у 1998 годзе. У новую кнігу “Ад жыцця прачнуцца…”, якая мае больш за 300 старонак, увайшлі фрэскі розных гадоў.
Старт продажаў адбыўся 23 траўня на стэндзе незалежных беларускіх выдаўцоў “Вольная Беларусь”(stoisko nr 138 w Sali Marmurowej, PKiN). Таксама кнігу можна купіць на сайце “Камуніката”.
Барыс Пятровіч (cапраўднае імя Барыс Сачанка) нарадзіўся 17 ліпеня 1959 году. Скончыў факультэт журналістыкі БДУ, працаваў у савецкіх і беларускіх выданьнях. Выдаў некалькі кніг прозы, сярод якіх варта назваць “Сон між пачвар”, “Шчасьце быць”, “Жыць не страшна“, “Спачатку была цемра”, “Пуціна”. Яго кнігі перакладаліся між іншым на польскую, украіскую і шведскую мовы. У кастрычніку 2002 году сышоў з часопісу “Полымя”, каб налета ў верасні заснаваць часопіс “Дзеяслоў”, якм праіснаваў да канца 2023 году.
Барыс Пятровіч у 2009 годзе быў узнагароджаны літаратурнай прэміяй “Гліняны Вялес” за кнігу “Жыць не страшна”.
Таксама Kamunikat.org выдаў і размясціў у вольным доступе 4 аўдыякнігі з аповесцямі Барыса Пятровіча, якія можна паслухаць на сайце фонда.