У межах цыклу літаратурных інтэрнэт-спатканняў “Санаторый пад клепсідрай” літаратар і выкладчык Андрэй Хадановіч правядзе дыскусію-размову з назвай “Вядзьмар: гісторыя феномена”. Госцем выпуску будзе Адам Флама – даследчык творчасці Анджэя Сапкоўскага і мастацкага свету “Ведзьмара”, галоўны польскі ведзьмаразнаўца, аўтар першай і адзінай біяграфіі Вядзьмара.
Падставай для размовы паслужыла з’яўленне чарговага тома вядзьмарскай сагі ў беларускім перакладзе. Пасля “Апошняга жадання”, “Мяча наканавання” і “Крыві эльфаў” выйшла кніга “Час ганьбы” – як і ўсе папярэднія, у перакладзе Кацярыны Маціеўскай, у выдавецтве Андрэя Янушкевіча.
Таксама гутарка будзе ісці пра кнігу самога Адама Фламы – грунтоўнае даследаванне “Вядзьмар: гісторыя феномену”. Аўтар апісвае паходжанне феномена вядзьмара, раскрывае кулісы стварэння апавяданняў, раманаў, коміксаў, гульняў, фільмаў і серыялаў. Ён разбівае папулярнасць Белага Ваўка на простыя элементы і тлумачыць, чаму Анджэй Сапкоўскі, даючы гэтаму герою жыццё, не дапусціў ніякай памылкі.
Падчас сустрэчы польскі даследчык разам з мадэратарам Андрэем Хадановічам паразважаюць над наступнымі пытаннямі:
Геральт з Рывіі: што зрабіла героя Сапкоўскага культавым і легендарным?
Як паўставалі бліскучыя апавяданні пра Ведзьмара і як іх аўтар зрабіўся аўтарам сагі?
Ці можна сказаць нешта новае ў свеце, дзе ўсё ўжо сказана? А здзівіць чытача, нечакана паказаўшы знаёмае ў новым кантэксце? Адкуль Сапкоўскі чэрпае сюжэты і як іх перайначвае?
Як у фэнтэзійны свет Сапкоўскага ўваходзяць актуальныя ідэі і пагрозы канца ХХ – пачатку ХХІ стст.? (праблемы расізму, экалагічная праблематыка і г.д.)
Як у “Часе ганьбы” адлюстраваная тэма вайны і як у ім адбіваюцца падзеі польскай і сусветнай гісторыі ХХ ст.?
Як змянілі (і ці змянілі) успрыманне вобразу Геральта коміксы?
Якія існуюць экранізацыі “Ведзьмара” і відэагульні паводле свету Сапкоўскага?
Прэм’ера відэазапісу сустрэчы адбудзецца 30 красавіка ў 16:00BY / 15:00PL на стронцыі Прастора польскай культуры https://www.facebook.com/PrastoraPL і на YouTube.
Польская мова суправаджаецца беларускімі субтытрамі.