Выдавецтва Skaryna Press анансавала выпуск першага беларускага слоўніка, прысвечанага кіно. Слоўнік кінатэрмінаў будзе змяшчаць больш за тысячу артыкулаў, якія будуць уключаць тлумачэнні тэрмінаў, а таксама адпаведнікі з іншых моваў.
Лексіка, прадстаўленая ў слоўніку, будзе ўключаць:
• прафесійныя і тэхнічныя кінатэрміны (мантаж, кадр, адмысловы эфект);
• жанравыя і відавыя кінатэрміны (вестэрн, дакументальнае кіно, крымі);
• тэрміны кінатэорыі (фотагенія, трансцэндэнтальны стыль);
• звязаныя з кіно агульнаэстэтычныя, філасофскія і сацыялагічныя тэрміны (ідэалогія, кіч, тэндэнцыйны фільм);
• кірункі, плыні і школы з гісторыі кіно (Новая хваля, неарэалізм, Догма’95);
• даведка пра кінапостаць ці слыннае кінамесца (Адэская лесвіца, Кінг Конг, Джэймс Бонд, Дракула);
• назвы кінасупольнасцяў, інстытутаў, часопісаў (Галівуд, Беларусьфільм);
• асноўныя фестывалі і кінаўзнагароды;
• пераклады некаторых размоўных кінажарганізмаў і выразаў з англійскай, польскай, іспанскай і інш. моваў.
Выдаўцы расказваюць, што галоўная адметнасць слоўніка – яго беларускі характар: тэрмінам з іншых моваў даюцца беларускія адпаведнікі і прыводзяцца неабходныя тлумачэнні. У артыкулах шырока выкарыстоўваюцца беларускія прыклады, а вядомыя з’явы разглядаюцца пад беларускім ракурсам і з адпаведнымі акцэнтамі.
Слоўнік таксама прапануе новыя тэрміны, яшчэ адсутныя ў профільнай літаратуры, але важныя для асэнсавання існых відовішчаў (“рытуалы ў кіно”, “тэрорнае відэа”, “беларыенталізм”).