26 студзеня — 30 гадавіна з дня смерці Алеся Адамовіча. З гэтай нагоды ініцыятыва “Прыпынак Адамовіча” запусціла кампанію па зборы ўспамінаў пра самога пісьменніка і пра тое, як ягоныя творы паўплывалі на жыццё людзей. Пра тое, кім ёсць для беларусаў Алесь Адамовіч і чаму паўстала такая ініцыятыва, радыё Ўнэт паразмаўляла з грамадскім актывістам Андрусём Архіпенкам.
— Я займаўся Адамовічам яшчэ да 2020 года. І я б сказаў, што гэта пачатак кампаніі па зборы ўспамінаў пра Алеся Адамовіча і ўспамінаў тых людзей, на каго паўплывала творчасць і важнасць асобы Алеся Адамовіча. Бо лічу – ён, на жаль, забыты нашым грамадствам.
З чаго вы робіце такую выснову?
— Пасля 2020 года ў мяне не было часу займацца Адамовічам. Я назіраў, калі былі даты смерці, даты нараджэння Алеся Адамовіча – беларускія СМІ амаль ніхто не пісаў. Амаль ніхто не ўзгадваў, што сёння такая гадавіна.
Як вы думаеце, чаму так адбываецца?
— Гэта цяжкае пытанне. Мяркую, бо ён пісаў па-руску. Гэта магчыма такое меркаванне. І доўгі час ён жыў і працаваў у Маскве. Нават, я памятаю, калі збіраў грошы, мы размаўлялі з Юрыем Зісерам, ён мне казаў, што да каго ён не звяртаўся, многія казалі: “А ён пісаў па-руску, чаму я павінен ахвяраваць?”
Магчыма ў СМІ і грамадскіх арганізацыяў іншы парадак дня. А, як вы лічыце, сярод людзей – ці ведаюць імя Алеся Адамовіча, хто ён такі і што ён пісаў, звычайныя беларусы?
— Я скажу, што частка ведае, а частка і не. Бо нават сустракаў людзей, якія па 20 гадоў у актывізме, а пытаюся, хто такі Адамовіч, а яны кажуць – а мы не ведаем.
Калі нагадваеце ягоныя творы ці фільмы паводле ягоных твораў – ці нешта гэта гаворыць людзям, якія хаця б трошкі ў беларускай тэматыцы?
— Так, гаворыць. Некаторыя адразу пачынаюць узгадваць. Але нейкім чынам, ён такая не вельмі прыдатная асоба. Нават і расійскія ўлады таксама не любяць асабліва ўзгадваць ягонае прозвішча.
А афіцыйны беларускі друк, афіцыйныя беларускія СМІ, афіцыйныя беларускія ўлады – здавалася б, ён пісаў такі вайсковы нон-фікшн, гэта зараз канёк тэматыкі афіцыйных беларускі уладаў – ці чутна там нешта пра Адамовіча?
— Там час ад часу. Усё! Яны часам любяць узгадваць фільм “Ідзі і глядзі” ў сваіх мэтах. Але Адамовіч пісаў не толькі пра вайну. Гэта трэба разумець. Ён пісаў і пра рэпрэсіі. У яго тры важныя тэмы – гэта тэма рэпрэсіяў, ён ненавідзеў Сталіна, за што быў суд над ім у Харкаве. Другая тэма, акрамя вайны, якую ён падымаў, гэта тэма Чарнобыля. Ён быў антыядравым актывістам. Ён выступаў супраць ядзернай зброі, а таксама і супраць “мірнага атама”. Ён нават перад Чарнобылем казаў пра пагрозу “мірнага атама”.
Калі трокі адыйсці ад асобы Адамовіча. У беларускай дыяспары ёсць такая дыскусія, як ставіцца да нібыта беларускіх аўтараў, але якія жывуць у Маскве, напрыклад, і пішуць па-расійску. У якую літаратуру яны ўкладаюць свой унёсак? Як на вашу думку, ці расійскамоўная літаратура з-пад пяра грамадзян Беларусі – гэта частка беларускай літаратуры?
— Я лічу, што гэта частка беларускай літаратуры. Я лічу, што мова не з’яўляецца асноўным паказчыкам. Калі яны з Беларусі, пішуць пра Беларусь – няма значэння на якой мове – на польскай, на рускай, на украінскай – калі яны пішуць пра Беларусь і лічаць сябе беларусамі – гэта беларускія пісьменнікі. Напрыклад, як канфлікт вакол Адама Міцкевіча. Ён пісаў па-польску. А беларусы лічаць яго сваім, як і палякі, як і літоўцы. Мова з’яўляецца паказчыкам – чый пісьменнік?
Вы ўжо сказалі, што вы збіраеце ўспаміны пра самога пісьменніка і пра тое, як ягоная творчасць паўплывала на кагосьці. Ці можаце ўдакладніць – як гэта ажыццяўляецца, якім чынам, куды звянуцца тым, каму ёсць што распавесці?
— Мы стварылі гугл-форму, якая размешчаная ў нашых сацыяльных сетках – у Інстаграме, Фэйсбуку і Твітары. Пакуль у трох сацыяльных сетках мы будзем працаваць з людзьмі. І таксама мы зрабілі магчымасць ахвяраваць, бо ў нас на дадзены момант бюджэт складае – нуль. У нас няма грошай. Мы зараз зможам толькі сабраць кантакты. І, калі будуць ахвяраванні, тады мы зможам штосьці арганізаваць, запісаць, таксама арганізаваць мерапрыемства. Гэта такі першы крок да таго, каб адзначыць 100-годдзе Алеся Адамовіча, якое будзе праз некалькі гадоў. Афіцыйна ён нарадзіўся 3 верасня 1927 года, але сапраўдная дата нараджэння – 3 жніўня 1926 года.
Алеся Адамовіча трэба падтрымаць, бо ягоная творчасць актуальная і цяпер. Усе тэмы, якія ён падымаў, чым ён займаўся, вельмі актуальныя і цяпер. Калі выйшаў фільмі “Ідзі і глядзі”, ён сказаў: “Каб пасля прагляду гэтага фільма больш войнаў не было”. Але ж, на жаль, войны працягваюцца.
Галоўнае фота: Алесь Адамовіч у1980-я гады ў вёсцы Глуша Магілёўскай вобласці. Аўтар — Яўген Коктыш. Прадставіла Наталля Адамовіч для архіву VEHA.