Адамовіч Алесь Міхайлавіч (афіц. 3.09.1927, сапр. 3.8.1926, в. Канюхі, цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. — 26.1.1994, Масква, Расія). Пісьменнік, крытык, публіцыст. Сябра СП з 1957 г.
Паходзіў з сям’і служачых, якая з 1928 г. жыла ў пасёлку Глуша (Бабруйскі р-н). У 1942 г. ён, вучань сярэдняй школы, — сувязны, з 1943 г. — баец партызанскага атрада імя Кірава Мінскага злучэння. У 1944—1945 гг. вучыўся ў Ленінагорскім горна-металургічным тэхнікуме (Алтайскі край). Скончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1950), аспірантуру там жа (1953). Працаваў на кафедры беларускай літаратуры. У 1954—1962 гг. і з 1967 г. быў навуковым супрацоўнікам, у 1976—1983 гг. — загадчыкам сектара літаратурных узаемасувязей Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР. У 1962—1966 гг. вучыўся на Вышэйшых сцэнарных курсах у Маскве, у 1964—1966 гг. выкладаў беларускую літаратуру ў Маскоўскім дзяржаўным унівесітэце. З 1966 г. зноў працаваў у Інстытуце літаратуры АН БССР. У 1982 г. у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XXXVII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. З 1987 г. — дырэктар навукова-даследчага Інстытута кінамастацтва ў Маскве. Народны дэпутат СССР (1989—1991). З 1989 г. быў сустаршынёй грамадскай рады гісторыка-асветнага таварыства “Мемарыял”, сябрам бюро клуба “Маскоўская трыбуна”, з 1990 г. — членам Каардынацыйнага савета руху “Красавік”. У 1989—1992 гг. сустаршыня Міжнароднага фонду “Дапамога ахвярам Чарнобыля”. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра Беларускага ПЭН-цэнтра з 1989 г. Сябра СП СССР з 1957 г. Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, Працоўнага Чырвонага Сцяга, “Знак Пашаны” і медалямі.
Пахаваны ў пас. Глуша Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.
Як крытык і літаратуразнавец выступаў у друку з 1950 г. Пісаў на беларускай і рускай мовах. Аўтар навуковых прац “Шлях да майстэрства: Станаўленне мастацкага стылю К.Чорнага” (Мінск, 1958), “Культура творчасці” (Мінск, 1959), “Беларускі раман” (Мінск, 1961), “Становленне жанра: Белорусский роман” (Москва, 1964), “Маштабнасць прозы” (Мінск, 1972), “Горизонты белорусской прозы” (Москва, 1974), “Здалёк і зблізку: Беларуская проза на літаратурнай планеце” (1976), “Кузьма Чорный: Уроки творчества” (Москва, 1977), “Лев Толстой и белорусская литература: Война и человек” (Минск, 1978, даклад на VIII Міжнародны з’езд славістаў), “Літаратура, мы і час” (Мінск, 1979), “Браму скарбаў сваіх адчыняю…” (Мінск, 1980), “О современной военной прозе” (Москва, 1981), “Война и деревня в современной литературе” (Минск, 1982), альбома “Сказ пра Івана Мележа” (Мінск, 1984), брашуры “Литература и проблемы века” (Москва, 1986), кніг літаратурнай крытыкі і публіцыстыкі “Выбери — жизнь” (Минск, 1986), “Ничего важнее” (Москва, 1985), “Додумывать до конца” (Москва, 1988), “Отвоевались!” (Москва, 1990).
Аўтар раманаў “Война под крышами” (Минск, 1960), які разам з раманам “Сыновья уходят в бой” склалі дылогію “Партизаны” (Минск, 1963, па сцэнарыю пісьменніка пастаўлена аднайменная кінадылогія, 1970), “Хатынская аповесць” (Москва, 1972; па-беларуску: Мінск, 1976; інсцэніравана ў 1977), аповесцяў “Асия. Последний отпуск” (Минск, 1975), “Каратели: Радость ножа, или Жизнеописание гипербореев” (Минск, 1981), “Последняя пастораль” (часопіс “Новый мир”, 1986). У 1985 г. на кінастудыі “Мосфильм” пастаўлены двухсерыйны мастацкі фільм “Иди и смотри” (сцэнарый А.Адамовіча і Э.Клімава, апублікаваны ў 1986, у аснову пакладзены творы “Хатынская аповесць” і “Каратели…”). У 1987 г. у Маскве выйшла кніга апавяданняў і эсэ “Моление о будущем”. Адзін з аўтараў дакументальных кніг “Я з вогненнай вёскі…” (з Я.Брылём, У.Калеснікам, Мінск, 1975) і “Блокадной книги” (з Д.Граніным, Москва, 1979, 2-е, поўнае выданне, у перакладзе на беларускую мову ў 1985). У 1977 г. выйшаў Збор твораў у 2-х тамах, у 1981—1983 гг. — у 4 тамах. Лаўрэат прэміі Міністэрства абароны СССР (1974) і Дзяржаўнай прэміі БССР імя Якуба Коласа (1976) — за “Хатынскую аповесць”. Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 116).