Аўсяннікава Тамара Пятроўна (нар. 24.5.1949, в. Сяўкі, Лоеўскі р-н Гомельскай вобл.). Паэтэса, празаік, педагог. Сябра СБП.
Скончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1971), Магілёўскі тэхналагічны інстытут (1999). Працавала настаўніцай, бібліятэкаркай, інжынерам, метадыстам, загадчыкам крамы.
Першая публікацыя з’явілася ў 2000 г. у газеце “Магілёўская праўда”. Аўтар лекцый для настаўнікаў-філолагаў па тэорыі вершаскладання і аналізе паэтычных твораў, артыкулаў па творчасці Н. Гілевіча і Я. Янішчыц. Піша паэзію і прозу. Аўтар кніг вершаў “Ноты сэрца” (Магілёў, 2009), “Лістапад гадоў” (Магілёў, 2010), “Стромкая галінка” (Магілёў, 2013), “Скрыжалі” (Мінск, 2015), “Сумоўе” (Магілёў, 2020), кніг прозы і публіцыстыкі “Любачка” (Глівіцэ, 2011), “Дзве постаці” (Мінск, 2021), “Публіцыстыка” (Мінск, 2021).