Ахроменка Уладзіслаў Ігаравіч (псеўданім Францішак Хлус, 29.1.1965 – 9.11.2018). Празаік, публіцыст, кінасцэнарыст.
Скончыў Гомельскую музычную вучэльню імя Сакалоўскага (1984), Беларускую дзяржаўную кансерваторыю (1989). Працаваў выкладчыкам музычнай школы ў Лоеве, карэспандэнтам часопіса “Крыніца”, рэдактарам аддзела часопіса “Бярозка”, адказным сакратаром і рэдактарам аддзела газеты “Культура”, рэдактарам беларускай газеты ў Польшчы “Ніва” (Беласток). З 1993 г. працаваў па дамовах з кнігавыдавецтвамі і кінакампаніямі. Жыў у Мінску, апошнія гады — у Чарнігаве. Увесну 2014 г. далучыўся да Грамадскага аб’яднання “Падольская Казацкая Сеч”, быў адным з першых добраахвотнікаў, валанцёраў і карэспандэнтаў на фронце падчас вайны на ўсходзе Украіны. За сваю дзейнасць і ўдзел у падзеях 2014 г. быў узнагароджаны меладём “За гідність та патріотизм”.
Пахаваны на Заходніх могілках Мінска (побач з бабуляй Марыяй Сазонтаўнай).
Дэбютаваў апавяданнем у часопісе “Бярозка” ў 1988 г. Аўтар кніг прозы “Здані і пачвары Беларусі” (у суаўтарстве з М. Клімковічам, Беласток—Менск, 1995), “Янкі, альбо Астатні наезд на Літве” (кінараман, у суаўтарстве з М. Клімковічам, Мінск, 2007), “Праўдзівая гісторыя Кацапа, Хахла і Бульбаша” (у суаўтарстве з М. Клімковічам, Мінск, 2009), “Тэорыя змовы” (Мінск, 2011, па-ўкраінску: Тернопіль, 2016), “Музы і свінні” (Мінск, 2014), п’есы “Русалка Камсамольскага возера” (у суаўтарстве з М. Клімковічам, 2010). Пад псеўданімамі выдаў каля дзвюх соцень раманаў на рускай мове, некаторыя з якіх экранізаваны.