Ганна Янкута напісала кнігу пра Лацінскую Амерыку — перадзаказ

Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад новай кнігі Ганны Янкуты “Блуканцы”, якая напісаная на скрыжаванні нон-фікшн, аўтафікшн і травелога і расказвае пра падарожнікаў і эмігрантаў з беларускіх зямель, якія цягам ХХ стагоддзя выпраўляліся на іншы бок свету.

Якія гісторыі яднаюць Беларусь і краіны Лацінскай Амерыкі — Аргентыну, Уругвай, Мексіку ці Кубу? Што на іншым кантыненце дапамагае адчуць сябе як дома?

Каб напісаць “Блуканцаў”, Ганна Янкута пабывала ў Мантэвідэа і Буэнас-Айрэсе, Бэрыса і Карлас-Пасе, Жэневе і Лондане, заглыбілася ў гісторыі перасяленцаў, якія размаўлялі па-беларуску, па-польску і на ідышы, перачытала тысячы старонак, якія напісалі Карлас Шэрман, Фларыян Чарнышэвіч, Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў і многія іншыя, каб знайсці ў іх згадкі пра тое, як выхадцы з беларускіх земляў бачылі і ўспрымалі далёкі свет.

Нехта, шукаючы лепшай долі, застаўся ў Лацінскай Амерыцы да канца жыцця, нехта праз дзесяцігоддзі вярнуўся, нехта разам з бацькамі вырушыў на невядомую радзіму, а нехта ўвогуле прыехаў толькі на пару дзён ці месяцаў і ўжо мае зваротны білет. Героі кнігі гавораць на розных мовах і па-рознаму сябе вызначаюць, але аднолькава моцна сумуюць па тым, што засталося ў мінулым.

“Гэтая кніга — пра сустрэчу з новым і невядомым, іншым і чужым, але таксама пра сустрэчу са сваімі і са сваім. Бо нягледзячы на тое, што эміграцыя — гэта цяжкі і балючы досвед, рух заўсёды быў часткай чалавечага жыцця. Нашы папярэднікі пакінулі пасля сябе сляды, якія яшчэ можна знайсці, і шукалі адказы на пытанні, якія мы таксама сабе сёння задаём”, — гаворыццы ў анатацыі.

Папярэдні заказ па самай нізкай цане можна аформіць на сайце Knihauka.com у раздзеле Preorder да 30 лістапада.

Старт продажаў — 8 снежня.