Выйшаў смелы дэбютны зборнік паэткі Вікці Удовінай

У выдавецтве Skaryna Press выходзіць дэбютны паэтычны зборнік Вікці Удовінай “Угрунь”, які можна разглядаць, як вялікі вітраж, выпісаны з дапамогай самых розных фармальных прыёмаў, — касмалагічны і эсхаталагічны  адначасова.

“Эксперыментальная, завумная і стылёвая кніга пра гісторыю еўрапейскага мыслення і трансфармацыі індывідкі першай паловы 2020-х, створаная даследніцай Сярэднявечча. У ёй абсалютна ўсё: ілюстрацыі, магічнае мысленне, гульня з паэтычнымі формамі, жанрамі і мовамі, — вядзе да адной вялікай ідэі. Якой? — Паводле аўтаркі, кнігу трэба перачытаць сем разоў, каб дазнацца”, — гаворыцца ў апісанні кнігі на сайце выдавецтва.

За цікавае афармленне кнігі адказвала мастачка Віка Б. і дызайнер Сяргей Шабохін.

“Выхад гэіай кніжкі — сама філантрапічная падзея 2026. Неадукаваныя— адукуюцца, злыдні — падабрэюць, душа ўзнясецца”, — гэтак у сацсетках пракаментавала навіну сама аўтарка Вікця Удовіна і анансавала некаторыя мясціны, дзе можна будзе кнігу знайсці і прыдбаць.

Такім чынам, “Угрунь” будзе дасяжная ў лістападзе ў Чыкага, у снежні ў Сан-Францыска і Нью-Ёрку, а ў студзені 2027 году ў Варшаве.

Таксама зборнік Вікці Удовінай “Угрунь” можна замовіць праз сайт выдавецтва Skarynapress.com.