У выдавецтве “Мяне няма” выходзіць самая ранняя версія мемуараў Марка Шагала, якая ў свой час ўпершыню была надрукаваная на ідышы ў 1925 годзе ў нью-ёркскім часопісе “Di cukunft” (“Будучыня”) і мела назву “Ejgens” (“Сваё”). На беларускую іх адмыслова для выдавецтва пераклаў Сяргей Шупа, які сёлета адзначае 65-годдзе.
На думку перакладчыка, менавіта тэкст на ідышы захоўвае ў сабе “аўтэнтычную задуму Шагала” — у французскай версіі аўтабіяграфіі “Маё жыццё” (1931) ігнаруюцца дробныя дэталі і “відавочна згладжаныя вострыя вуглы”.
Перад чытачамі паўстае першая спроба аўтабіяграфіі — непрычасаная, каларытная, свойская. Селядцы з татавай працы і маміна ўсмешка, халадзец на шабасовай вячэры і гімназістачкі ў панталончыках на набярэжнай, паляванне на мыш, дамок ля шашы на Пескаваціку і парыжскія салоны…
Папяровая кніга выйдзе з друку напрыканцы кастрычніка, а цяпер можна аформіць папярэдні заказ праз сайт выдавецтва Mnnm.store.










