У выдавецтве “Пфляўмбаўм” выйшла літаратурна-культуралагічнае эсэ Тані Арцімовіч “Маніфест гародніцы”, у якім аўтарка звяртаецца да ўласных каранёў, каб адказаць на пытанне, а як магла б выглядаць лепшая, радыкальна іншая будучыня. Будучыня, якая б паклала канец эпосе сацыяльнага дамінавання і няроўнасці.
Кніга “Маніфест гародніцы” Тані Арцімовіч расказвае гісторыю жанчыны, жыццё якой пасля 2020 году апынулася на разломе. Цяпер яна вымушана перазбіраць сябе нанова. Яна б зайздросціла дрэвам, але ёй ніколі не прарасці на новым месцы. Таму яна зайздросціць шэрым чаплям. І вырашае гадаваць сад “на ўскрайку свету і гісторыі”. Бо адмаўляецца бяздзейна чакаць лепшай будучыні.
Ці магчымае грамадства, якое не грунтуецца на эксплуатацыі чалавецтвам іншых жывых істот і рэсурсаў? І як дамагчыся такой будучыні? “Сад на ўскрайку” робіцца ажыццёўленай утопіяй – фрагментам сусвету, дзе магчымая “мабілізацыя паэзіяй”, дзе мабілізаванае “я” пярэчыць расплывістаму “мы” і бярэ на сябе адказнасць “за сад, які даглядае”.
Кнігу ўжо можна набыць у кнігарні “Кнігаўка” ў Варшаве, а неўзабаве яна з’явіцца і ў іншых крамах.






