“Паспець да цемры”— у новым падкасце Дубавец чытае дзве аповесці, выдадзеныя пад псеўданімамі

У новым выпуску падкаста “Літаратурныя зацемкі” Сяргей Дубавец чытае кнігу з аповесцямі Тафілі Багач і Паўліны Кот “Паспець да цемры” (Пфляўмбаўм, 2025) і шукае ў іх заяўленую містычнасць. Дзе мяжа паміж выдуманай і нявыдуманай літаратурай, ці ратуе твор канстатацыя выпусташанасці, ці дадае ўнікальнасці выказванню “народнічанне”?

Выпуск можна слухаць на soundcloud.com, а таксама на SpotifyApple PodacstPodcast Index і іншых пляцоўках.

У падзагалоўку гэта — “Містычныя гісторыі зь Беларусі”. Але ўжо першая з дзьвюх аповесьцяў, аўтарства Паўліны Кот, што называецца “Туман, які ахутвае цябе”, — пра Менскія падзеі 1997 году, — гісторыя зусім не містычная. Я б сказаў, што аўтарка пачуцьцёва абвострана рэагуе на рэчаіснасьць. А яна б магла адказаць, што інакш гэта цяжка было б назваць прозай.

“Перад акном хістаюцца цені — размытыя, нерэальныя. Ня цень ад дрэва, а згустак. У акне брунатныя згусткі, абрысы. Ад якіх сыходзіць пагроза. Як размытыя фарбы, але не на шкле, а ў паветры. Быццам нехта мазануў фарбай у паветры, а яно так і засталося ў паветры палоскай. І хістаюцца зьлёгку за акном, у час сьвітаньня. Вісяць у вялікім старым акне — займаюць усю прастору акна. Страшнае, жудаснае, незразумелае, расплывістае. Бяз пэўнай формы. Адчуваньні жудасьці. Як у густым тумане на гары. Ці ў тумане на плошчы Свабоды, калі міліцыянты ў доўгіх плашчах цягнуць у машыны маладых людзей, якія ўпіраюцца і ня хочуць ісьці”.

Гэта лірычная проза, калі пісаньне прасякнутае ўнутраным сьвятлом, што ўрэшце перадаецца і чытачу. Гаворка пра перажываньні, якімі менскае гарадзкое паветра напоўнілася ў сярэдзіне 90-х. Акурат тады, калі нечаканымі для краіны трыма брутальнымі зломамі “праз калена” была перабітая палітычная пэрспэктыва на шляху да свабоды, дэмакратыі і Эўропы. Вось што здарылася ў нас у сярэдзіне 90-х.

***

Пасьля другога рэфэрэндуму ў канцы 1996 году зьмяняецца ўся палітычная сыстэма, ствараецца Малады Фронт. Нядаўна абраны прэзыдэнт імкнецца падсядзець Ельцына на ягонай пасадзе, таму зьяўляецца вышэйшая рада “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі, дзе па ідэі два гады кіруе расейскі прэзыдэнт, а два наступныя гады — беларускі. Але сама гэтая ідэя ў Расеі хутка ператвараецца ў дэклярацыю пра намеры. Тады ж была закрыта галоўная беларуская газэта “Свабода”… 

Штучны інтэлект піша пра гэтыя падзеі як пра “Менскую вясну”, але… па сьвежых сьлядах падзеяў “Наша Ніва” выдала кніжку “Менская вясна 1996”, дзе распавядаецца пра ўсе масавыя пратэставыя акцыі, якія прайшлі ў Менску менавіта вясной і летам 1996 году. Гэта было ператварэньне быццам бы дэмакратычна абранай улады ў аўтарытарную дыктатуру. І ніхто ня мог гэтага спыніць.

“Валадарка — ня толькі турма ў Менску, — піша Паўліна Кот. — Памяць — валадарка часу і лёсу, валадарка ракі, асфальту і гранітных берагоў”.

***

Аўтарка стварае вобразныя апісаньні таго, што зь ёй адбываецца, выкарыстоўваючы пабытовыя дэталі, напрыклад, шпалеры і тое, як яны спаўзаюць са сьцен:

“Вільготна і ў горадзе, і ў кватэры на першым паверсе. Уначы і пад раніцу выразна адчуваецца вібрацыя ад важкіх цягнікоў мэтро, якія грукочуць пад зямлёй. Паклееныя напрыканцы восені шпалеры набрынялі і пачалі спаўзаць са сьцен. Паўзьлі, як цяжкія шэрыя вусені. Шоргаты і гукі пры адліпаньні, як пры ператрусе, быццам нехта нябачны халоднай рукою сьцягвае долу волкія шпалеры са сьцяны — шукае схаваныя таямнічыя запісы — сьведчаньні віны”

Гэтыя вобразы — размаітыя і не заўсёды адрозьніш праўдзівыя ад уяўленых ці сасьнёных, як у вось гэтым эпізодзе. Галоўнае тут уласна і ёсьць вобраз, які нараджаецца адчуваньнямі аўтаркі:

“Адыходзіла «замарозка». Пасьля анэстэзіі трывожны сон: прыйшлі беларускія літаратары дваццатых—трыццатых гадоў, героі выставы «Покліч» з Музэя гісторыі беларускай літаратуры ў Менску. Літаратары ў выглядзе статуй у чалавечы рост з чорна-шэрага плястыліну. Рухаліся зь цяжкасьцю. Вачніцы пустыя. Складкі на адзеньні — як штрыхі, нанесеныя ножыкам. Ледзь перасоўваючыся, яны абменьваліся кнігамі. Цяжкія плястылінавыя кнігі выгіналіся і мяліся пры дакрананьні. І ўсе кнігі — закрытыя, загорнутыя, назваў — не прачытаць”.

***

Вобразы міжсобку ўступаюць у дзіўныя ці парадаксальныя сутыкненьні, але ты разумееш, што гэтаксама тое самае адбываецца і ў жыцьці.

Скажам, па вечарах да аўтаркі — лірычнай гераіні, якая распавядае нам сваю гісторыю, прыходзіць Сябра-мастак, ён паказвае ёй свае малюнкі “на сэксуальныя тэмы”. А разглядаюць яны гэтыя малюнкі каля помніка Грыцаўцу, таму самаму лётчыку, герою вайны ў Гішпаніі і на Галхін-Голе, якому ў 1939 годзе вінтом самалёта баявога таварыша адцяла галаву на вайсковым аэрадроме ў Балбасаве ў Аршанскім раёне.

Словам, гэта няшчадная проза, якая не прыдуманая аўтаркай, а проста не хавае фактаў, якія былі і ёсьць насамрэч. Бо інакш як ты адчуеш атмасфэру Менску ў 90-я гады, калі пісаць не асабістае ці непраўдзівае. Аўтарка проста распавядае тое, што было, тое, што ёсьць праўда і што пісьменьнікі часам імкнуцца абмінаць, затушаваць або і прыўкрасіць.

У прынцыпе гэта і ёсьць мэтад — адметныя дэталі разьвіваюцца да самастойнага абразка, абразкі нанізваюцца на канву пра гэтую дзіўную кватэру №0, якая, верагодна, калісьці служыла кагэбістам для допытаў ворагаў народа і больш, верагодна, нікім і ні для чога не выкарыстоўвалася. А гэта, між іншым, для Менску цалкам свая тэма. Толькі ніхто яе не дасьледуе й не вывучае…

Напрыканцы аўтарка апынаецца на курорце ў Балгарыі, дзе наведвае колішнюю рэзыдэнцыю Тодара Жыўкава: там — “трава праз пліткі”… Ты разумееш што і гэта праўда. Няма нічога прыдуманага, няма наўмыснасьці, ёсьць толькі праўда дэталяў, адабраная аўтаркай. Іншая рэч, што гэтых дэталяў магло быць нашмат болей. Бо зь іх і складаецца вобраз Менску 90-х.

***

У аповесьці Тафілі Багач “Дзьве праўды”, названай як “Дзьве душы” ў Максіма Гарэцкага, і гэта адразу настройвае на шматзначнасьць і думкі пра паралельныя сэнсы з раманам клясыка. Але я такіх не знайшоў, няма тут таксама і містыкі, гісторыя, наадварот, выглядае надуманай, дакладней сказаць, стылізаванай. У падзагалоўку яна названая “казкай для дарослых”. І таму, падумалася, што ў такім жанры ў нас звычайна піша Адам Глёбус, і гэта тым ці іншым бокам — пра сэкс. Але ў “Дзьвюх праўдах” і пра сэкс нічога няма. 

Жыве сабе пэнсіянэрка Алеся, адна ў хаце, за права яе спадчыны змагаюцца дзьве яе пляменьніцы. Тым часам у запечку хаты жывуць два чарты, і вось старэйшы зь іх кажа малодшаму, што існуюць дзьве праўды: тая, што ў радзіве, і тая, што паміж людзьмі.

Але і гэтая думка не разьвіваецца ў пэўную цэласьць. Часам аўтарская інтанацыя гучыць сатырычна і нібыта саркастычна, часам крытычна і рэалістычна, нічога ўнікальнага ці хоць бы спэцыфічнага не адбываецца. Магчыма, аўтарка спрабуе кампэнсаваць вартасьць стылізацыяй пад народнасьць, дакладней сказаць, народнічаньне. Гэтак калісьці рабіў у сваёй прозе Вячаслаў Дубінка.

Аднойчы стары Чорт Лысы кажа свайму ўнуку Чарцюку: “Усё, унучак, сыходзіць трэба заўтра ж раніцай! Бачыш — патрыятычная акцыя. Значыць, ізноў будуць грэбці, месьці і мыць. Тутака патрыётаў без мятлы не бывае… Усе маладыя, відушчыя, праклёнаў не баяцца, агледзяць нас, вытураць. А бывае, і ў заасад адправяць замест янотападобных сабакаў, каторых па восені тамтэйшы дырэктар употайкі за мяжу прадаў”.

Чэрці тут сапраўды — як і іншыя пэрсанажы, зусім не адрозьніваюцца ад людзей. Увогуле ўсіх герояў, уключна з чарцямі, я б назваў савецкімі людзьмі ў савецкіх абставінах жыцьця з пазнавальнымі савецкімі паводзінамі. У выніку атрымліваецца, што і сама проза быццам савецкая. Чаго ў ёй не чакаеш сустрэць, дык гэта пэўнага высокага прасьвятленьня ці хоць бы чаканьня пэўнага водсьвету. Аблога той самай савецкай беспрасьветнасьці, быццам аўтарка гэтага і не ўсьведамляе, быццам яна даўно ня мае ніякага спадзеву. Зразумела, што тое беспрасьвецьце ў Беларусі зноў запанавала, але ж мы і разумеем яго як хваробу, а зусім не як новую форму здароўя, нармальнасьці. Напэўна, адкрыта пра гэта ў Беларусі цяпер ня скажаш, хіба што намёкам:

“Напрадвесьні паветра пахне мокрым смародзінавым ды парэчкавым гальлём і здаецца, усё навакольле поўніцца чаканьнем” — так гучыць першы сказ гэтай аповесьці.

Эпізоды доўжацца, а я думаю — што ж тут галоўнае? На што тут гэтыя добрыя чарты — дзед і ўнук, што павінны акрэсьліваць іхныя дзьве праўды? — не знаходжу адказу. 

***

“Лецішчы тыя па буднях сумавалі без гаспадароў. Па цяперашняй модзе двары былі аздобленыя плястыкавымі пальмамі, жалезнымі лебядзямі ды шчэ нейкімі драўлянымі птушкамі-недарэкамі, падобнымі да квёлага страўса і аднаногага бусла адначасова”

Усё нібыта такое, як сустракаецца паўсюль, але на душы робіцца так сабе ад гэткай выпусташанасьці. Напэўна, трэба з гэтым нешта рабіць, адной канстатацыяй сытуацыю не паправіш.

“Тут вам, мае дарагія, не Італія” — гэта ў гутарцы пра хатнюю гатоўлю ў шматдзетнай сям’і. А чаму Італія? Можа таму, што Італія — сэксі? Багатая гісторыя, модныя брэнды, слаўная ежа, годная культура, акіяны турыстаў… А ў нас як закон нейкі — ніякай табе, Італіі, варожая для нас краіна.

Вось у чым, я думаю, прычына. Не ў непісьменнасьці людзей, а ў тым, што жывуць яны паводле перапісанай хлусьлівай гісторыі, у якой не прадугледжана ні сэксі, ні прывабнасьці, ня можа быць прасьвятленьня.

***

“Мясцовая настаўніца гісторыі Рэгіна Вацлаваўна, яна ж арганізатар на палову стаўкі, яна ж кіраўнік краязнаўчага гуртка на чвэртку і адказная за школьны музэй, праводзіла экскурсію са школьным актывам раёна на тэму «Гісторыя нашага калгаса»”…

Калісьці падарожнік па беларускіх вёсках і майстар разгаворваць вяскоўцаў Зьміцер Бартосік заўважыў, што ні разу за добрую сотню паездак у жывой гаворцы ня чуў слова “калгас”, маўляў, людзі так не гавораць. 

Іншымі словамі, ня можа быць у Беларусі “Гісторыі нашага калгаса”, таму што слова калгас — пераклад на беларускую мову — не прыжылося ў вяскоўцаў. Гэта фантом. А “Гісторыя калхоза” — гэта цяжкая праўдзівая гісторыя многіх ахвяраў і крыві. Яна й не магла прыжыцца як сваё. У літоўцаў, напрыклад, прыжыўся пераклад “kolūkis” — як тое самае, але як чужое, што й было адразу адкінутае пры разьвітаньні з савецкай сыстэмай. Таму ўсё, што пазначаецца словам “калгас” — гэта пра тое, чаго проста няма і ніколі не было ў нашым жыцьці. Адпаведныя адносіны чалавека да літаратуры пра “калгас” як да чагосьці фантомнага, непраўдзівага і чужога. Прычым гэта тычыцца і мастацкіх твораў, і літаратуры гістарычнай. 

Адно слова можа патлумачыць тую абыякавасьць да сваёй мовы і ў беларускай эміграцыі. Калгас прымаецца як наватвор, прычым няўдалы, які не прыжыўся ні як слова, ні як зьява, якая ім называецца — калхоз як форма несвабоды і прыгнёту. Людзі не адчулі ў гэтым слове — свайго. У выніку застаўся асадак: беларускае — не сваё. Ці “не зусім сваё”.

***

Аповесьць Тафілі Багач — пра вясковую бабулю… Гэта пераказ баек, стылізаваных пад вясковыя чуткі, зроблены ў згаданай стылістыцы “народнічаньня”. Гэтыя байкі даўно сталі пазнавальнымі, але не ўнікальнымі.

“Ну вось і бацькаўшчына — трохі скасабочаны ўказальнік. Шараговая назва паселішча, перакрэсьленая белаю рыскай, староньняму ні пра што не раскажа, нічым адметным не зацікавіць. Звыклае вітаньне «Шчыра запрашаем» па-ранейшаму чырванее над ганкам школы падноўленаю фарбаю. Усё як у людзей. Пад сьцяною сельмага сядзіць апівоха зь недапітаю пляшкаю ў нагах і на божы сьвет вачыма лыпае. Побач кабета ў плюшаўцы, па гадах ня матка, а, відаць, жонка ці сястра, бо дзябёлая шчэ. Векавечны, годны на ўсякі выпадак праклён «А каб жа ты не даждаў!» разносіцца па ўсім навакольлі”.

“Нічым адметным не зацікавіць” — характэрная фраза, як бы засьцярога аўтаркі ад уласнай арыгінальнасьці пранікненьня ў сутнасьць — падзеяў, характараў… Людзі — сьцішыліся, схаваліся, нічым адметным не цікавыя. “Зрабілі выгляд”, што не цікавыя, што не адметныя… Пра такое цяпер часьцяком пішуць у Беларусі, а друкуюць за мяжой. Пад псэўданімам.